Лучше в церковь, чем в тюрьму
- 29.11.2008, 18:36
На прошлой неделе хулиганы сильно избили известного белорусского художника Алеся Пушкина в его родном местечке Бобр Крупского района. Алесь решил проявить милосердие к парням и вместо тюрьмы отправил их… в церковь.
Падрабязнасці гэтай справы мастак распавёў "Народнай волі". "Звычайным вечарам я пайшоў праводзіць на аўтобус свайго сябра — паэта Міколу Маладзіка, — успамінае Алесь Пушкін. — На прыпынку знаходзіліся пяцёра нецвярозых хлопцаў, якія пачалі да нас чапляцца: дапытвацца, чаму ў Міколы доўгія валасы, ды чаму я размаўляю па-беларуску".
Пасля гэтага хлопцы завязалі бойку — амаль адразу павалілі на зямлю паэта, а потым і мастака.
"Я зразумеў, што калі буду ляжаць, то вельмі моцна пацярплю, — працягвае Пушкін. — Таму я пабег. Той з хлопцаў, які быў больш спартыўным — Лёша Біруля — даганяў мяне, валіў на зямлю, пасля чаго падбягалі астатнія і пачыналі мяне збіваць. І так 300 метраў я з імі змагаўся: падбягу, стану, дам каму-небудзь здачы, далей бягу, а яны — за мной".
Такім чынам Пушкін дабег да магазіна, адкуль выклікаў міліцыю. Міліцыянеры прыехалі праз 15 хвілін і адразу затрымалі трох хлопцаў, якія чакалі мастака ля ганка магазіна, а потым злавілі і астатніх. У міліцыі Алесь Пушкін пазнаёміўся са сваімі збівацелямі.
"Пасля таго як усе неабходныя працэдуры былі праведзены, я папрасіў пазнаёміць мяне з гэтымі хлопцамі, — кажа ён. — Мяне завялі ў пакой, дзе яны сядзелі. Я падышоў да кожнага, прадставіўся і запытаў, хто яны і адкуль".
А калі Алесь выйшаў з міліцыі, то папрасіў дзяжурнага ўразуміць маладых злачынцаў.
"Я папрасіў у дзяжурнага старшага лейтэнанта пагаварыць з хлопцамі, каб наступнай раніцай яны ўсе былі ў царкве, — тлумачыць Пушкін. — Я сказаў, што калі яны прыйдуць, прастаяць са мной усю літургію, паспавядаюцца свяшчэнніку, прычасцяцца, то я напішу заяву аб неўзбуджэнні крымінальнай справы".
Наступнай раніцай пяцёра хлопцаў стаялі каля царквы.
"Яны прастаялі са мной усю службу, потым я падвёў іх да споведзі, — успамінае Алесь Пушкін. — Я паставіў іх па ранжыры: першым быў Сяргей Шынкевіч, які да мяне пачаў чапляцца, потым — Лёша Біруля, які першы ўдарыў, затым — Цімур Сасноўскі і Павел Даніленка, якія даганялі і білі мяне, апошні — Уладзімір Жылінскі, які не біў, нават угаворваў іх, каб ягоныя сябры спыніліся, але нічога акрамя гэтага не прадпрымаў... Наступным днём я напісаў заяву аб неўзбуджэнні крымінальнай справы".
Мастак прызнаецца, што многія знаёмыя называюць яго ўчынак слабасцю. Але ён сам так не лічыць.
"Свой народ трэба любіць, — выказвае сваю думку Пушкін. — Мы ж не ў Кітаі, дзе незаўважна можна расстраляць 15 тысяч чалавек. У нас бязлюддзе, народу няма, пустыя хаты, беларускіх жанчын няма каму кахаць, дзетак некаму раджаць... Хто будзе кахаць нашых жанчын, будаваць дамы і працаваць, калі маладых хлопцаў кідаць у турму на казённы хлеб?
Гэта калі б збіўшыя мяне людзі былі ўжо сталымі жорсткімі крымінальнікамі, а не 18-гадовымі хлопцамі, я паступіў бы па ўсёй строгасці закона. Яшчэ б падкаравульваў іх пасля выхаду на волю і ўгаворваў бы іх "рукамі ды нагамі", як яны мяне, паважаць родную беларускую мову і пазнаваць сваіх мастакоў!"
Алесь Пушкін лічыць, што са збіўшых яго хлопцаў трэба зрабіць не менш медыйных асоб, чым у свой час з Рамана Менцюка, які праславіўся тым, што пратараніў жывы шчыт, які збудавалі супрацоўнікі ДАІ.
Варта адзначыць, што мастак не сустракаўся з маладымі людзьмі пасля сумеснага паходу ў царкву. Ён прызнаецца, што і не хоча гэтай сустрэчы. Але спадзяецца, што калі-небудзь хлопцы ацэняць яго ўчынак…