Счастье и трагизм города Минска
- 13.09.2008, 16:33
Столица Беларуси сегодня празднует День города. Сегодня звучат восторженные, красивые слова о главном городе страны. На страницах «Народной воли» о Минске пишет известный историк, исследователь прошлого и современности нашей столицы Захар Шибеко.
Лёс кожнай нацыі шмат у чым залежыць ад выбару сталіцы і ад яе рангу сярод іншых сталіц. Вакол годных сталіц нараджаюцца годныя нацыі.
Савецкія ўлады доўга не лічылі Менск бясспрэчнай сталіцай. Бальшавікам найперш не магло падабацца тое, што іх апярэдзілі: Менск быў абвешчаны сталіцай БНР у 1918 годзе. Дарэчы, 25 сакавіка мы святкавалі 90-гадовы юбілей абвяшчэння БНР і з'яўлення ў беларусаў новай сталіцы.
…Урэшце бальшавікі былі вымушаны абвясціць 1 студзеня 1919 года стварэнне БССР са сталіцай у Менску. Прычым новай сталіцы вярталася старадаўняя назва — МЕНСК (яна пратрымалася да 1939 года). Чаму звычайнаму губернскаму гораду быў аказаны такі гонар? Шмат што тлумачыць тое, што пасля заняцця Вільні немцамі ў 1915 годзе ў прыфрантавы Менск з акупаваных тэрыторый пачалі сцякацца беларускія, польскія, яўрэйскія палітычныя і культурныя сілы. Для кожнага з іх Менск стаў сваім горадам. Ён задавальняў усіх, ды яшчэ знаходзіўся пасярод Беларусі. Віцебск, да прыкладу ўсіх, не задавальняў, бо быў больш арыентаваны на рускую культуру. Гродна таксама не задавальняла ўсіх, бо было больш ангажавана ў польскую культуру. З Менскам магла паспрачацца толькі Вільня, якая спрадвеку была сталіцай нашага краю і разглядалася беларускімі адраджэнцамі як безальтэрнатыўная сталіца незалежнай Беларусі. Пры натуральным ходзе падзей яна б і стала ёю. Усё перакруціла Першая сусветная вайна. Пад германскай апекай Вільня "прыватызоўвалася" літоўцамі. А калі кайзер Вільгельм прызнаў незалежнасць Літвы са сталіцай у Вільні, нічога не заставалася іншага, як абвясціць сталіцай Менск.
Але ўжо 27 лютага 1919 года маскоўскае кіраўніцтва зліло БССР з Літоўскай ССР у Літоўска-Беларускую ССР (Літ-Бел) са сталіцай у Вільні. Праўда, пад ударамі польскага войска гэтае штучнае ўтварэнне ў тым жа годзе рассыпалася. І з вымушаным узнаўленнем БССР у 1920 годзе яе сталіцай зноў стаў Менск. Пасля падзелу Беларусі паміж Расіяй і Польшчай (1921 г.) дзяржаўная мяжа праходзіла паміж Менскам і Ракавам. Напярэдадні Другой сусветнай вайны (1939) кіраўніцтва БССР рыхтавалася да пераносу сталіцы ў Магілёў, далей ад мяжы з польскай дзяржавай. І толькі далучэнне Заходняй Беларусі зрабіла магілёўскі варыянт бессэнсоўным. Але тады ж пайшлі чуткі аб пераносе сталіцы БССР у Вільню. І тут на дапамогу Менску прыйшоў… Іосіф Сталін. Ён дапамог тым, што загадаў перадаць Вільню Літве. Так што, выходзіць, дзякуючы бальшавіцкаму лідэру Менску пашчасціла… Званне сталіцы робіць любы горад дынамічным, рухомым, жывым сацыяльным арганізмам. Ён атрымлівае перспектыву для развіцця.
…Ад самага пачатку ўсталявання савецкай улады стары горад, 940-годдзе якога мы адзначалі летась, пачаў мэтанакіравана перабудоўвацца, а дакладней — разбурацца. Чаму? Новыя, пераважна наезджыя правіцелі не маглі шанаваць невядомую і чужую для іх спадчыну. Гэта так. Але матывацыя разбурэнняў была больш складанай. Савецкая ўлада ў БССР сутыкнулася з праблемай ператварэння звычайнага губернскага горада ў сталіцу. Трэба было пазбаўляцца ад правінцыйнага знешняга выгляду. Як? Шляхам узвядзення новых будынкаў, кварталаў — сімвалаў сацыялістычнага горада — на месцы старых. Да вайны разбурэнні былі невялікімі. Узведзена некалькі знакавых будынкаў — Дом урада, Оперны тэатр, Дом афіцэраў, бібліятэка, Акадэмія навук, інстытут фізкультуры. Не хапіла на большае сродкаў.
Калі пасля вайны сродкі знайшліся, то бальшавіцкае кіраўніцтва на руінах пачало ўзводзіць "ідэальны" сацыялістычны горад. Шмат якія старыя будынкі можна было аднавіць, але іх руйнавалі бязлітасна, асабліва ў раёне будучага галоўнага тады Сталінскага праспекта. Будынак рэальнага вучылішча, які ў раёне цырка ўстаў на шляху будучага праспекта (а пра гэта сведчыць пасляваенны малюнак краязнаўцы Анатоля Наліваева), быў проста ўзарваны. Размах пасляваенных разбурэнняў, думаю, яшчэ пакажа Сяргей Абламейка, які вядзе спецыяльнае даследаванне гэтай праблемы. Так што бальшавікі стваралі новую сталіцу коштам руйнавання старой забудовы, руйнавання памяці пра мінулае — праўда, з самымі добрымі намерамі…
Аднак і пасля вайны сродкаў, сіл і жадання ў Менскіх бальшавікоў хапала толькі на галоўную вуліцу. Яна стала фрагментам няздзейсненай савецкай утопіі — ператварыць Менск ва ўзорны сацыялістычны горад. Фінансаванне было, відаць, дазіраваным і з прычыны недапушчэння празмернага разбудавання саюзнай рэспублікі. Тут існавала палітычная ўстаноўка — пакінуць беларускую сталіцу ў ценю саюзнай сталіцы Масквы. Тут захоўвалася строгая іерархія.
Стрымліванне эстэтычнага разбудавання сталіц саюзных рэспублік рабілася не выпадкова. Калі звярнуцца да тэорыі, то сярод "недзяржаўных" народаў назіраецца пэўная залежнасць выспявання ідэі незалежнасці ад узроўню урбанізацыі. Па меры ўзрастання магутнасці нацыянальных гарадскіх цэнтраў правінцыялізм паступова саступае месца ўпэўненасці ва ўласных сілах. Таму адной з умоў нацыянальнага вызвалення выступае наяўнасць гарадскога цэнтра, які ў стане аспрэчваць славу імперскіх сталіц. Гэтага бальшавікі не хацелі.
На сучасным этапе сітуацыя паўтараецца. Больш высокі ранг сталіцы незалежнай Беларусі патрабуе чарговых ахвяр. Імкненне сучаснай улады ўзняць Менск на ўзровень еўрапейскіх сталіц упіраецца ў зусім недастатковы гістарычны рэсурс горада. У ім не было каралеўскіх і вяльможных палацаў. Гэта штурхае Менскае кіраўніцтва да выкарыстання савецкага патэнцыялу, што азначае далейшае замацаванне за горадам савецкага аблічча і разбурэнне старой забудовы.
Так што званне сталіцы, можна сказаць, стала трагічным для былога губернскага горада. Ён быў практычна знішчаны. Трагізм Менска ў дадзеным выпадку палягае не ў тым, што ён стаў сталіцай і ў яго разбудову ўкладваліся і ўкладваюцца вялікія грошы. А ў тым, што гэта адбывалася і адбываецца не на аснове беларускіх традыцый, а на яе руінах.
Знешні воблік Менска нагадвае нямецкаму гісторыку Томасу Бону, які спецыяльна вывучаў гісторыю нашай сталіцы, музей сацыялістычнага рэалізму, які да таго ж выглядае вельмі ненатуральна ў параўнанні з Масквой ці Пецярбургам. Руйнаванні і перабудовы, якія вяліся па загадзе небеларусаў, зрабілі вобраз сталіцы Беларусі небеларускім.
Менск займее сапраўдную славу беларускай сталіцы толькі тады, калі будзе абапірацца на нацыянальны рэсурс. Гэта, зразумела, не азначае, што савецкая забудова ў сваю чаргу павінна быць знішчана. Гісторыя мае шэраг прыкладаў спалучэння ў межах аднаго горада розных эпох і розных архітэктурных стыляў. Першым прыклад гарманічнай трансфармацыі антычнага Рыма ў сярэднявеччы паказаў Ватыкан. На сучасным этапе ўдалую трансфармацыю горада пры захаванні старых кварталаў дэманструе кіраўніцтва Вільнюса. Там нікому не прыходзіць у галаву будаваць фешэнебельныя сучасныя хмарачосы ў межах гістарычнага цэнтра ці ставіць цацкі-муляжы разбураных палацаў на плошчы Гедыміна.
Другая істотная прычына вынішчэння былой забудовы нашай сталіцы — недасведчанасць кіраўніцтва. У Менску, як і ў іншых гарадах Беларусі, пераважае вясковы светапогляд. На думку Сяргея Дубаўца, Менск — горад, складзены з вёсак. Руйнаванне архітэктурных помнікаў, непавага да культуры і гісторыі назіраецца таму, што вёска не ведае рэстаўрацыі, не мае летапісу гістарычных падзей.
І сапраўды, Менск, відаць, адзіная ў свеце сталіца, якая не мае ўласнага музея сваёй гісторыі. Менскам кіруюць былыя вяскоўцы, якія, падобна, не ведаюць гісторыі горада, каштоўнасці яго старой забудовы, вартасці навейшых тэхналогій рэстаўрацыі і кансервацыі, міжнароднага заканадаўства па ахове помнікаў культуры і гісторыі. А што казаць пра шырокую грамадскасць? Яна абыякава ўспрымае любыя разбурэнні і радуецца любому новаму камерцыйнаму праекту па будаўніцтве сучасных дамоў "под старину" (Ратуша, гатэль "Еўропа").
Менскае кіраўніцтва часам кажа, што вымушана супрацоўнічаць з камерцыйнымі структурамі ў справе рэстаўрацыі, бо не хапае сродкаў. Так прасцей. Навуковая рэстаўрацыя патрабуе вялікіх выдаткаў і глыбокіх ведаў. Яна патрабуе шмат часу і не прыносіць хуткага эфекту…
Аднак ва ўсіх народаў свету ёсць нацыянальныя каштоўнасці, на захаванне і адраджэнне якіх не існуе абмежаванняў у коштах. Нацыянальнае самасцвярджэнне не мае цаны, бо дасягаецца любой цаной або не дасягаецца зусім. Толькі ў Беларусі пакуль не прыйшлі да такога разумення. Можа, якраз таму, што ў беларускую нацыю пакуль інвесціравана занадта мала сродкаў. Нацыя — вельмі дарагі праект. Але варта траціцца больш настойліва і шырока весці асветніцкую дзейнасць сярод насельніцтва.
Дарэчы, эфектыўная прапаганда і асвета ў справе захавання гістарычнай спадчыны патрабуе грунтоўных ведаў. Дзе нашы даследаванні, артыкулы, кніжкі пра каштоўнасць тых двухпавярховых камяніц, якія збудаваны ў канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя? Дзе нашы даследаванні пра каштоўнасць стогадовай драўлянай забудовы на Грушаўскай і ў іншых месцах сталіцы? Іх няма, як няма выразнага беларускага твару ў галоўнага горада нашай краіны, над якім, не выключана, вісіць пагроза новага пераўтварэння ў цэнтр адной з расійскіх губерняў…