BE RU EN

Сарамлівая ўлада

  • Віталь Тарас, baj.by
  • 19.10.2009, 12:53

Тых восем чалавек, якія ў жніўні 1968 выйшлі на Красную плошчу ў Маскве з пратэстам супраць уварвання савецкіх войск у Чэхаславакію, затрымлівала не міліцыя.

Звонку павінна было выглядаць, быццам свядомыя савецкія грамадзяне, выпадкова апынуўшыся на плошчы, абурыліся хуліганскай выхадкай, скруцілі хуліганаў і здалі іх органам правапарадку. Ніхто, канечне, так не думаў. Усе ведалі, што «адшчапенцаў» затрымлівалі супрацоўнікі КДБ у цывільным. Гэта проста была такая гульня ў канспірацыю.

Так некалі за сталінскім часам на машынах для перавозкі арыштаваных (цяпер іх называюць аўтазакі) пісалі «Хлеб», альбо «Хуткая дапамога».

Зразумела, філёры — сакрэтныя супрацоўнікі паліцыі — былі заўсёды. Напэўна, з таго часу, як вопратка падзялілася на цывільную і нецывільную, то бок службовую. Але ні ў адной краіне свету, напэўна, не было столькі сексотаў, як у Савецкім Саюзе.

У народзе для іх было шмат назваў (што само па сабе сведчыць пра развітасць прафесіі) — «таптуны», «ціхушнікі», «ціхары», «наседкі», «стукачы» і г.д. У гады масавых рэпрэсій яны не толькі тайна сачылі за варожымі элементамі. Вельмі часта сексоты адкрыта і нахабна, крок у крок ішлі за сваёй ахвярай, дэманстратыўна дзяжурылі пад вокнамі кватэры альбо ў пад’ездзе. Мэта была — запалохаць, зламаць чалавека псіхічна яшчэ да арышту, паказаць, што ён у спецслужб заўсёды пад каўпаком.

Гэтак сама паводзяць сябе і тыя асобы ў цывільным, што ўдзельнічаюць у разгонах акцый пратэсту на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску ды замінаюць журналістам выконваць свой прафесійны абавязак. Не даюць нават глядзець (!) на тое, што адбываецца.

Хлопцы ў аднатыпных куртках становяцца па двое-трое перад тэле- і фотакамерамі, закрываюць далоням аб’ектывы, у тым ліку, мабільных тэлефонаў, па-хамску штурхаюць пузам рэпарцёраў з акрэдытацыяй і проста мінакоў, захоўваючы на тварах абыякавы выраз.

Разлік прымітыўны і цынічны, але слушны — ніхто ж не запытаецца ў тых людзей, хто яны, не папросіць паказаць пасведчанне, назваць імя і званне. Высвятляць гэта без сэнсу, бо органы сваіх не здаюць, нават калі яны яўна парушаюць закон. Прынамсі, пакуль начальства не бачыць у гэтым палітычнай мэтазгоднасці.

Яшчэ больш безнадзейная справа — спрабаваць дастукацца да сумлення «аднатыпных». Цяжка назваць іх людзьмі. Нават слова «зомбі» гучыць занадта прыгожа для гэтай пароды.

Праўда, самі яны могуць пра сябе думаць зусім інакш. Сталінскія каты, следчыя НКУС, калі вярталіся з працы — шматгадзінных допытаў «ворагаў народа», збіцця і здзекаў з іх — адпачывалі целам і душой, так бы мовіць. Дома шмат каго з тых катаў чакала не толькі талерка з баршчом на стале і пляшка, але ласкавая ўсмешка жонкі, смех дзетак, патэфон. Пераважная большасць іх не былі фанатамі ідэі, яны лічылі сябе нармальнымі людзьмі, якія чэсна служаць савецкай дзяржаве — так, як навучыў таварыш Сталін.

Потым, калі за імі прыходзілі іншыя следчыя і пачыналі іх катаваць, як яны некалі катавалі «ворагаў народу», гэтыя людзі вельмі здзіўляліся — за што?! Яны не разумелі, што з’яўляюцца ўсяго толькі шрубкамі ў сістэме, якія час ад часу трэба замяняць, каб механізм рэпрэсій не іржавеў.

Тыя, хто служылі ў ГУЛАГу ахоўнікамі, працавалі сексотамі ці проста друкавалі пратаколы на допытах, альбо добраахвотна пісалі даносы на саслужыўцаў і суседзяў, пасля смерці правадыра шчыра не зразумелі — чаму яны больш не патрэбны дзяржаве, чаму ад іх пазбаўляюцца? (Хоць, вядома, звольнілі далёка не ўсіх).

Сёння тыя пенсіянеры, якія ўсё жыццё служылі ў савецка-гулагаўскай сістэме, абураюцца на журналіста Падрабінека за тое, што былы палітвязень пасмеў назваць іх вертухаямі.

Насамрэч, справа не ў Падрабінеку і яго артыкуле «Як антысаветчык антысаветчыку». Проста былыя вертухаі адчулі, што іх час вяртаецца. Можна зноў захапляцца Сталіным — у сённяшняй Беларусі гэта нават падтрымліваецца дзяржавай.

Можна бессаромна пляваць на закон, можна дзяліць журналістаў на чэсных і нячэсных. Калі нячэсны — можна пры выпадку даць яму пад уздых, зламаць камеру. А няма чаго плявузгаць на самую народную дэмакратыю ў Еўропе!

Нічога новага ва ўсім гэтым няма. Здзіўляе толькі адно — няўжо нехта думае, што гвалтам можна спыніць распаўсюд інфармацыі? Нават кроў, забойства дзесяткаў (а паводле некаторых звестак, тысяч людзей) сёлета падчас дэманстрацый апазіцыі ў Іране пасля прэзідэнцкіх выбараў не спынілі распаўсюд фота- і відэасведчанняў у глабальнымі сеціве.

Здымалі не толькі і нават не столькі прафесійныя журналісты, якім забаранілі выходзіць на вуліцу, колькі звычайныя маладыя людзі з мабільнікамі. Здымалі, нягледзячы на страх.

Мы ўсё-ткі не ў Іране жывем, а ў Еўропе. Але няўжо і ўладам Беларусі не засталося ўжо нічога іншага, акрамя як сарамліва закрывацца рукой ад цывілізаванага свету?

последние новости