ВКЛ – общее наследие Беларуси и Литвы
- Кастусь Лашкевич, ТUT.BY
- 15.07.2009, 15:20
Белорусские историки начали вытаскивать из-под нагромождения советской лжи запрещенную историю своего народа.
2009 год праходзіць у суседняй Літве пад знакам 1000-годдзя дзяржавы. Па ўсёй краіне адбываюцца шматлікія мерапрыемствы, апагеем якіх сталі ўрачыстасці 6 ліпеня ў Вільні - на гадавіну каранацыі Міндоўга, заснавальніка Вялікага княства Літоўскага. Святкаванні, да якіх нашы суседзі рыхтаваліся пяць год, справакавалі чарговую хвалю спрэчак вакол спадчыны ВКЛ. Беларусы лічаць яго сваёй дзяржавай, літоўцы - сваёй. На баку апошніх, якія ў 20 стагоддзі спраўдзіліся палітычна, - сусветная навуковая традыцыя. Беларусы, якія ўсё яшчэ трапечуцца паміж заходняй і ўсходняй пуцявінамі, толькі пачынаюць выбірацца з вузкіх нацыянальных рамак.
Чыё ж ВКЛ?
Чаму 1000? Бо ў 1009 годзе слова “Літва” згадваецца ў Кведлінбургскіх аналах у сувязі з забойствам каталіцкага манаха-місіянера з Магдэбурга Бруна Кверфуртскага.
Доктар гістарычных навук, прафесар Анатоль Грыцкевіч, які ўзначаліў грамадскі Аргкамітэт па святкаванні 1000-годдзя назвы Літва ў Беларусі, з падобнай трактоўкай не згодны.
“Гэта не 1000-годзе дзяржаўнасці, а ўсяго толькі міленіум назвы, якая доўгі час сустракалася ў летапісах выключна як племянная прыналежнасць. Дзяржава ж Вялікае княства Літоўскае і Рускае з’явілася ў 30-я гады 13 стагоддзя. І гэта дата мае большае дачыненне да Беларусі, чым да Літвы, - кажа беларускі гісторык. - Нашы продкі называліся не беларусамі, а русінамі і літвінамі. Тэрміны ж “Беларусь” і “беларусы” былі навязаныя нам расійскай адміністрацыяй у сярэдзіне XIX стагоддзя”.
“Вольнае выкарыстанне парадыгмы "Літва" дазваляе беларускім навукоўцам так інтэрпрэтаваць гісторыю і антрапалогію, што беларусы пераўтвараюцца і не ў літоўцаў, і не ў славянаў, - адзначыў на нядаўнім круглым стале ў Мінску "Тысячагоддзе Літвы. Літва і Беларусь 1000 год побач” загадчык аддзела археаграфіі Інстытута гісторыі Літвы Артурас Дубоніс. - Новая беларуская гістарыяграфія выконвае задачы паліталогіі. Канцэпцыя ВКЛ выклікана праблемамі станаўлення нацыянальнай свядомасці і дзяржаўнасці сучаснага беларускага народу. Збіраецца ўсё, што спрыяе ўзмацненню слабой нацыянальнай самасвядомасці і пракладае беларусам шлях на Захад ад славян да балтаў, ад вялікарускай да еўрапейскай цывілізацыі”.
Яблык разладу цяперашніх беларусаў і літоўцаў - спадчына адной з наймагутных дзяржаў сярэднявечнай Еўропы Вялікага княства Літоўскага, якая існавала з першай паловы XIII стагоддзя да 1795 года на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны і Расіі (Смаленшчына, Браншчына).
Дык хто з’яўляецца правапераемнікам Княства?
Старадаўняя літоўская "Пагоня" на Вострай Браме ў Вільні. Фота К.Лашкевіча
Літоўцы яшчэ 150 гадоў назад заручыліся падтрымкай расійскіх ідэолагаў, што дазволіла з часам укараніць уласную трактоўку ў міжнародную гістарыяграфію. Утварэнне ВКЛ яны разглядаюць як свой найвялікшы гістарычны праект за 1000-гадовы перыяд, як літоўскую дзяржаўнасць, якая дазволіла ім захаваць этнічную самабытнасць.
Беларусы, якія назвалі сябе нашчадкамі літвінаў (грамадзян ВКЛ) падчас нацыянальнага адраджэння пачатку 20 стагоддзя, і дагэтуль не здолелі завершыць нацыятворчы працэс. Аднак наша гістарыяграфія, якой пакуль так і не ўдалося выйсці за нацыянальныя межы, упэўнена, што менавіта Беларусь ёсць галоўнай пераемніцай ВКЛ, у якім нашы землі складалі большую частку, а старабеларуская мова была дзяржаўнай. Літоўцы закідаюць нам, што большасць вялікалітоўскіх князёў былі балтамі, а старабеларуская мова - усяго толькі канцылярскай. Беларусы пярэчаць: якое ВКЛ - ваша, калі ў ім жыло ўсяго 5% балтаў?
Гэтыя спрэчкі цягнуцца два дзесяцігоддзі. З таго часу, калі Беларусь атрымала незалежнасць, а айчынныя гісторыкі пачалі выцягваць з-пад напластаванняў савецкай хлусні забароненую гісторыю свайго народу.
Факталагічныя спрэчкі пакінем прафесійным гісторыкам. Засяродзімся на больш цікавым і інтрыгоўным пытанні:
Як беларусы прайгралі літоўцам?
Чаму прайгралі? Бо сталіца ВКЛ і цэнтр беларускага адраджэння Вільня - сёння сталіца незалежнай Літвы. Бо ў любым замежным даведніку вы прачытаеце аб тым, што ВКЛ - сярэднявечная дзяржава сучасных літоўцаў, а цяперашняя тэрыторыя Беларусі была пад іх прыгнётам...
Адказ на гэта пытанне дае прафесар Ельскага ўніверсітэта (ЗША) Цімаці Снайдэр у пераломным
даследаванні "Рэканструяванне нацыяў: Польшча, Украіна, Летува, Беларусь (1569-1999 гг.)".
“Першае пакаленне летувіскай інтэлігенцыі складалі дзеці заможных сялянаў - настаўнікі і ксяндзы. Гэтай сацыяльнай групе вельмі лёгка было пабудаваць з нуля новую монаэтнічнаю інтэрпрэтацыю гісторыі Літвы, у якой беларусам і палякам месца не было... Першае пакаленне беларускіх дзеячоў складалася з шляхціцаў і шляхцянак - простых нашчадкаў гістарычнай Літвы. Яны былі часткаю гэтай векавечнай шматкультурнай (беларуска-польска-летувіска-жамойцка-жыдоўска-татарскай) традыцыі, што не дазволіла ім вызначыць асобны беларускі шлях, - аналізаваў кнігу Снайдэра ў часопісе ARCHE доктар гістарычных навук, выкладчык Універсітэта Паўднёвага Стакгольма Андрэй Катлярчук. - Беларуская мова як славянская даволі блізкая да польскай і расійскай. Таму нават трохі адукаваны беларус заўсёды мог задаволіцца польскім ці расійскім тэкстам. Летувіская мова, наадварот, вельмі розніцца ад славянскіх. Такім чынам, філалагічны факт вырашыў лёс нацыі. Да таго ж, пасля паўстаньня 1863 году царскі ўрад заахвочваў летувіскую асвету і друк (хай сабе і кірылічны), тады як беларуская мова ў той самы час апынулася пад забаронай.
Калі летувісы мелі нацыянальны касцёл, касцельны друк і адукацыю, беларусы па знішчэнні ў 1839 годзе ўніяцкай царквы згубілі сваю канфесійную нішу... Ва ўмовах існавання паміж расійскім і польскім уплывамі менавіта ўніяцкая царква фармальна мусіла выканаць ролю фундаменту нацыятварэння.
Нарэшце, калі ў летувісаў была база для разгортвання свайго руху - пруская “малая Летува”, дзе ў спрыяльных для развіцця ўласнай культуры ўмовах пражывала каля 100 тысяч балтаў, усе беларусы цалкам апынуліся ў межах Расійскай імперыі. Гэта пазбавіла іх вялікіх магчымасцяў кантакту з Еўропай, падтрымкі з боку заўсёды больш нацыяналістычнай заходняй дыяспары...”
Да канца 19 стагоддзя нашы продкі захоўвалі старажытны саманазоў “літвіны”. Аднак паколькі беларускае адраджэнне пачалося пазней літоўскага, нашы адраджэнцы на чале з Францішкам Багушэвічам ужо не маглі выкарыстоўваць тэрмін “літвін”. Засталося ўзяць імя, пад якім нас ведалі на абсягах позняй Расійскай імперыі - беларусы. Цікава, што напачатку 20 ст. гісторык і пісьменнік Вацлаў Ластоўскі прапагандаваў назву “Крывія”. Лінгвіст Ян Станкевіч намагаўся ўвесці ва ўжытак “Вялікую Літву”. У міжваеннай Лізе Нацыяў фігуравалі тэрміны Ruthenie Blanche (фран.) і White Ruthenia (анг.). Аднак прыжылася менавіта “Беларусь”.
... Гэтак беларусы саступілі літоўцам у другой палове 19 ст, на досвітку нацыятварэння. Гэта была не першая і не апошняя параза. А вось...
... як беларусы прайгралі літоўцам другі раз...
“Так, “нашаніўцы” прайгралі літоўцам барацьбу за старажытналітоўскую спадчыну. Вынікам паразы стала тое, што, па сутнасці, ні адна дзяржава не падтрымала абвешчаную ў сакавіку 1918-га Беларускую Народную Рэспубліку як спадкаемцу ВКЛ. А без падтрымкі на міжнароднай арэне нацыянальны праект быў асуджаны на правал, — распавёў эксперт у інтэрв’ю TUT.BY. - Літоўцам жа наадварот у значнай ступені дапамагла падтрымка немцаў яшчэ падчас Першай сусветнай вайны, што прывяло да абвяшчэння Літвой незалежнасці ў лютым 1918 (у адрозненне ад беларускай яна доўжылася цэлых 20 год), а таксама расійскіх рэжымаў — спачатку царскага, а потым бальшавіцкага, якія такім чынам супрацьдзейнічалі распаўсюджванню пальшчызны”.
... і ўпусцілі Вільню
“Напрыканцы верасня 1939 г. Сталін усё ж вырашыў аддаць Вільню (была цэнтрам заходнебеларускіх земляў, далучаных Рыжскай дамовай да Польшчы - TUT.BY) Летуве і стварыць на яе тэрыторыі вайсковыя базы... ¬- піша Цімаці Снайдэр. - Тое, што надзеі беларусаў атрымаць Вільню не апраўдаліся, зашкодзіла беларускай справе значна болей, чым нават арышты і смерць лідэраў беларускага руху. Па-першае, гэта азначала, што беларускамоўнае насельніцтва з прылеглых да Вільні земляў на дадзеным этапе не далучыцца да беларускай нацыянальнай ідэі. Па-другое, перадача Вільні Летуве (неўзабаве яна стане Літоўскай ССР) пацвярджала агульнапрынятае меркаванне, што спадкаемцай ВКЛ выступае не Беларусь, а Летува. Паколькі адбылося зліццё старой палітычнай назвы і новага этноніма “Літва”, то небеларусы не бачылі сувязі паміж сучаснай Беларуссю і ВКЛ”.
- Пазбавіўшы Беларусь Вільні, нас пакінулі без магутнага гістарычнага аплоту, па сутнасці, адрэзаўшы ад заходняй цывілізацыі і шматвяковых еўрапейскіх традыцый. Гэта была мэтанакіраваныя палітыка кіраўнікоў расійскай дзяржавы, якія цудоўна разумелі, што рэспубліку са сталіцай у Мінску, арыентаваным на Ўсход, значна прасцей русіфікаваць, - падсумоўвае Захар Шыбека.
Андрэй Катлярчук засяроджвае ўвагу на парадоксе: “У межах інтэрнацыянальнага СССР толькі ў Летувіскай ССР з дазволу Масквы побач з камуністычнай існавала нацыяналістычная ідэалогія, заснаваная на гістарычных міфах, - рэч абсалютна немагчымая ў іншых рэспубліках”.
Пасля столькіх гістарычных паразаў так і просіцца пытанне:
Як беларусам не стаць лузерамі назаўжды?
Адказ на яго мы паспрабавалі знайсці, звярнуўшыся да аўтарытэтных спецыялістаў.
Захар Шыбека, які даследуе ў тым ліку беларускі нацыянальны рух 19-20 стагоддзяў, глядзіць у будучыню з аптымізмам.
- Нарэшце, трэба змірыцца са стратай Вільні, бо ў палітыцы не бывае гістарычнай справядлівасці. Што да набыткаў ВКЛ, тут у нас ёсць шанец. Гады суверэнітэту засведчылі прыкметны рост нацыянальнай самасвядомасці. Мы вяртаемся да гістарычнай спадчыны, бо без гэтага не можам стаць незалежнай еўрапейскай дзяржавай, да чаго імкнёмся, - кажа гісторык. - Пасля дзесяцігоддзяў савецкага занядбання сур’ёзнае вывучэнне нашых гістарычных каранёў толькі пачынаецца. З’яўляецца новая генерацыя маладых высокаадукаваных гісторыкаў, якія ажыццяўляюць даследаванні паводле найноўшых сусветных методык. Іх задача - стварыць грунтоўны навуковы падмурак, які не зможа ігнараваць ані беларуская дзяржава, ані ўвесь навуковы свет.
“Развітасць літоўскай гістарычнай навукі выяўляецца ў колькасці даследаванняў, іх якасці і наборы замежных моў, на якія яны перакладзеныя. Апроч таго, наша гістарыяграфія, па сутнасці, пераймае канцэпцыі часоў позняй Расійскай імперыі. Ужо сама пастаноўка пытання - “ВКЛ - беларуская дзяржава” - гэта ўплыў расійскай гістарыяграфіі другой паловы 19 стагоддзя, - распавёў TUT.BY палітолаг. - Пры тым, што ў апошнія 15-20 гадоў у Беларусі назіраецца ўсплёск сапраўды аўтэнтычных даследаванняў, нашай галоўнай праблемай па-ранейшаму застаецца змешванне міфалагічнай і навуковай перспектываў.
Натуральна, што з ідэалагічнага боку для беларускага нацыяналізму карысна стварэнне гістарыяграфічнай візіі, што ВКЛ - спрадвечна беларуская дзяржава. З яе міфам пра залаты век беларускай культуры, беларускую мову ў якасці дзяржаўнай і летувіскі этнас, які быццам быў палітычна і культурна адсталым. Аднак дзікая палеміка вакол гэтых пытанняў не мае пад сабой адназначных навуковых падстаў. Бо, напрыклад, ва Ўкраіне таксама існуюць даследаванні, дзе дзяржаўнай мовай ВКЛ называецца ўкраінская”.
“Сістэматычнае выданне беларусацэнтрычных даследаванняў прывяло да значных зменаў у свядомасці маладога пакалення беларусаў. Апошнія сацыялагічныя апытанні сведчаць, што моладзь цяпер успрымае ВКЛ як адзін з этапаў беларускай дзяржаўнасці. Сёння любы школьнік ведае, што ў сярэднявеччы літоўцы не заваёўвалі тагачасныя беларускія землі, як пра гэта распавядалі ў час майго школьніцтва”, - адзначае ў інтэрв’ю TUT.BY Ўладзімір Арлоў.
Ён кажа пра адсутнасць ангельскамоўных гістарычных прац, напісаных з беларусацэнтрычных пазіцый, пра неабходнасць уплываць на міжнародную канцэпцыю гістарычнай Беларусі, аднак першаснай задачай бачыць усё ж лакальную. “Для нас Літва ў гістарычнай перспектыве - Беларусь. Таму, спадзяюся, надыдзе час, калі кожны адукаваны грамадзянін Беларусі будзе ведаць, што літвіны - гістарычны назоў беларусаў. Галоўная задача, каб гэта пазіцыя ўкаранілася ў беларускім грамадстве, а наш гістарычны пашпарт і памяць сталі больш важкімі. Калі праўда пераможа ў нашых галовах, у тым ліку і на самым версе, тады і наша пазіцыя будзе транслявацца за межы краіны, - перакананы пісьменнік. - І ў гэтым кірунку ўжо ёсць зрухі. Відавочна, што без такой адмашкі зверху выдавецтва “Беларуская энцыклапедыя” не ўзялося б за грунтоўнае трохтомнае выданне “Вялікае княства Літоўскае”.
Нічыя задаволіць усіх?
Але як, адваёўваючы сваю праўду, быць з суседзямі-літоўцамі?
Па словах Уладзіміра Арлова, дыялог беларускіх і літоўскіх гісторыкаў распачаўся на пачатку 1990-х, аднак не меў плёну, бо літоўскія навукоўцы нічога не хацелі чуць, застаючыся на сваіх пазіцыях, якія з дапамогай СССР былі ўкаранёныя ў заходнюю гістарыяграфію. Нешта ў гэтым пытанні змянілася з выхадам памянёнай кнігі Цімаці Снайдэра, які ці не першым з заходніх даследчыкаў задаўся пытаннем: як такая маленькая краіна, як цяперашняя Літва, магла стаць спадкаемніцай велізарнай дзяржавы “ад мора да мора”?
“Магчыма, з уступленнем Літвы ў Еўразвяз і эвалюцыяй літоўскай гістарычнай школы іх пазіцыя непрымання любых беларускіх аргументаў мяняецца на больш узважаную, факталагічную, - заўважае суразмоўца. - Красамоўны прыклад - дзейнасць літоўскай амбасады ў Беларусі, якая заўжды падкрэслівае, што ВКЛ - наша супольная спадчына. Вось і літоўскі пасол Эдмінас Багдонас запрасіў Беларусь разам з Літвой адзначаць у наступным годзе 600-я угодкі Грунвальдскай бітвы. Іншы прыклад. На круглым стале “Тысячагоддзе Літвы. Літва і Беларусь 1000 год побач” адзін з найаўтарытэтных літоўскіх гісторыкаў Альфрэдас Бамблаускас так і заявіл: ВКЛ - наша агульная спадчына, і вы, беларусы, бярыце сабе ад яе колькі жадаеце”.
Працяг слоў Арлова знаходзім у выказванні галоўнага рэдактара Ўсеагульнай літоўскай энцыклапедыі Атанаса Рачыса. “Мы ў Літоўскай энцыклапедыі адмовіліся да рамантычнага падыходу ў ВКЛ, бо ў народзе жыў такі крылаты выраз - “Літва ад мора да мора”, але гэта адно прыгожы міф. Якая ж гэта Літва? Гэта Вялікае княства Літоўскае. Нейкі час пры вялікім князе Вітаўтасе яно, сапраўды, было вялікім, але гэта не была ў строгім сэнсе Літва”, - звярнуўся ён да беларускіх калегаў падчас лютаўскага круглага стала ў Вільні.
Выглядае, што стасункі гісторыкаў абодвух краінаў, нарэшце, пачынаюць набываць цывілізаваныя рамкі.
“У гісторыі ёсць рэчы, якія немагчыма вырашыць кансэнсусам. Ёсць супрацьлеглыя пазіцыі двух народаў, кожны з якія мае права па-свойму ўспрымаць і інтэрпрытаваць спадчыну. Будучыня - у супольным выкарыстанні двума народамі спадчыны ВКЛ”, - упэўнены Захар Шыбека.
Ягоную думку падзяляе і Валер Булгакаў, заўважаючы, што аднаго правапераемніка спадчыны ВКЛ быць не можа. “У спрэчках паміж сабой літоўскія і беларускія навукоўцы забываюцца яшчэ і пра ўкраінскае права на гэтую дзяржаву. Нагадаю, што да Люблінскай уніі 1569 года ўкраінскія землі таксама ўваходзілі ў склад ВКЛ”, - падводзіць рысу эксперт.
Хто ў каго скраў?
Аднойчы на літоўскай выставе высокапастаўлены беларускі чыноўнік, паглядзеўшы экспазіцыю, з’едліва кінуў у кулуарах: “Выстава пра тое, як літоўцы скралі нашу гісторыю”.
Ці не надышоў час беларускім навукоўцам пакінуць крыўды, адмовіцца ад непамерных амбіцыяў і ўтапічных ідэяў (Вільню з Беластокам усё адно не вернеш) ды заняцца сваёй справай? А дзяржаўным мужам, якія следам за савецкімі ідэолагамі паўтара дзесяцігоддзя пераконваюць нас у тым, што мы з расійцамі - адзін народ, а гісторыя Беларусі пачынаецца з 1941, ну, у крайнім разе, з 1917 году, - сваёй? Каб лепшых айчынных гісторыкаў не выключалі з дзяржінстытутаў за даследаванне “нязручных” тэмаў. Каб замежнікі былі зацікаўленыя прыехаць у Беларусь і зірнуць на праблему з нашай званіцы. Каб дзяржаўныя сімвалы Беларусі не саступалі ва ўзросце сімволіцы Літвы, а на міжнароднай арэне нас ведалі не горш за літоўцаў, у якіх нам варта шмат чаму павучыцца.
Літва, якая апошнім часам стала, па сутнасці, беларускім лобі ў Еўропе, крок за крокам робіць нам насустрач. Няўжо, не адкажам тым жа?