Якуб Колас крытыкаваў савецкую ўладу: «Супраць мовы - нашы ворагі»
- Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY
- 14.08.2009, 12:33
53 гады таму, 13 жніўня 1956 года, не стала Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча. Якуб Колас быў для беларусаў усім: народным песняром і геніем сусветнага маштабу, гордасцю нацыі і найвышэйшым аўтарытэтам.
Не дзіва, што развітацца з дзядзькам Якубам на сталічную Цэнтральную плошчу (сёння - Кастрычніцкая) прыйшлі дзесяткі тысяч чалавек, а пахаванне вылілася ў своеасаблівую дэманстрацыю нацыянальнай еднасці.
16 жніўня 1956 года ў газеце “Літаратура і мастацтва” выйшла медычнае заключэнне пра прычыну смерці класіка: “Якуб Колас (Міцкевіч Канстанцін Міхайлавіч) , 74 год, на працягу многіх гадоў хварэў цяжкай формай гіпертанічнай хваробы і агульным атэрасклерозам. Смерць наступіла раптоўна 13 жніўня 1956 года ў 13 гадзін 20 мінут ад вострай сардэчна-сасудзістай недастатковасці”.
Апошнія гады жыцця народны ўлюбёнец меў вялікія праблемы са здароўем. Ён 26 разоў хварэў на запаленне лёгкіх (па словах сына, з 6-ці гадоў курыў “усякую дрэнь”), праз напружаную працу пакутваў ад бяссоніцы ды ў шматлікіх лістах пісаў, што адчувае сябе глыбока няшчасным. "Я ўжо стары. 3/XI адсвяткаваў 67 гадоў. Здароўе маё моцна пахiснулася. За апошнiя тры гады разоў 12 хварэў на запаленне лёгкiх. Невясёлая мая старасць... I пашану маю ад людзей, i славу, а радасцi няма".
Адзін з апошніх здымкаў Якуба Коласа
Аднак, нягледзячы на гэта, аблашчаны савецкай уладай класік знайшоў у сабе моц завяршыць жыццё сапраўдным ўчынкам. Усяго за некалькі гадзін да смерці Канстанцін Міхайлавіч занёс у ЦК КПБ пратэстны ліст-заклік аб крытычным стане беларускай мовы.
Як распавядаў мне сын класіка Міхась Міцкевіч, над зместам зварота Колас працаваў не адзін месяц. Аднак сакратар ЦК Кампартыі Цімафей Гарбуноў, які адказваў за культуру, яго не прыняў. “Перш-наперш, вярнуўшыся з ЦК, бацька павіншаваў з народзінамі 5-гадовую ўнучку Марыю. За абедам ва ўласным кабінеце бацька раптам аціх. Я быў у ад’ездзе, а вось мой брат Даніла падумаў, што ён папярхнуўся грэцкай кашай. Аднак тое была імгненная смерць”, - прыгадваў Міхась Канстанцінавіч.
Коласаў зварот шакаваў партыйных бонзаў і на дзесяцігоддзі апынуўся пад грыфам "Совершенно секретно". Толькі ў 1990 годзе яго ўпершыню надрукаваў “ЛіМ”. Самае крыўднае, што і сёння Коласаў запавет гучыць амаль гэтаксама злабадзённа, як і ў час напісання. Каб вы маглі пераканацца ў гэтым, падаём самыя цікавыя вытрымкі з яго.
Дзесяткі тысяч мінчукоў на развітанні з класікам.
Купляйце беларускае?
"... Далейшае развіццё культуры рэспублікі вельмі многа праігрывае і, скажам проста, стаіць перад сур'ёзнай пагрозаю іменна ад недастатковай увагі да роднай мовы. Установы сталіцы вывелі з абыходку беларускую мову: на ёй не вядзецца перапіска, на ёй не гавораць з наведвальнікамі, у гарадах няма беларускіх шыльд і надпісаў, мала беларускіх афіш і плакатаў... Няўжо ж нашы аўтамабілі, трактары, станкі, тканіны, цукеркі, папяросы сталі б горшымі, каб на іх былі беларускія надпісы. Хай толькі якасць не падводзіць! Бо колькі не пішы "Казбек" на мінскіх папяросах, усё роўна спажывец патрабуе ленінградскіх...".
"Жывучы ў Беларусі, не грэх і навучыцца"
“Акадэмія навук, якая павінна быць цэнтрам беларускай навукі, не карыстаецца беларускаю моваю, не выдае на ёй работ, не праводзіць паседжанняў... Няўжо ж навуковая работа, калі яна ўдалая і цікавая, што-небудзь страціць ад таго, што будзе напісана па-беларуску!... Могуць сказаць, што стаўшы на такі шлях, распужаеш з Акадэміі вучоных, ураджэнцаў іншых рэспублік, якія не ўладаюць мовай. Не, ніхто не збіраецца саджаць за азбуку паважаных і сур'ёзных людзей. Аднак, жывучы ў Беларусі, і ім бы не грэх навучыцца хоць бы чытаць газету".
Здзек над мовай
"Беларускую мову можна пачуць у тэатрах і па радыё. Але што гэта за мова? Гэта непрыхаваны здзек над ёю. Артысты і дыктары парушаюць элементарныя правілы вымаўлення, пастаноўкі націскаў, мова засмечана мноствам скажоных слоў-калек, няўдала запазычаных з рускай мовы. Адбываецца гэта таму, што артысты, работнікі радыё, журналісты, газетчыкі не карыстаюцца мовай у побыце...".
Супраць мовы - нашы ворагі
У вузах, тэхнікумах, школах выкладанне не вядзецца па-беларуску, наша мова выкладаецца кепска, так, што робіцца нялюбым прадметам. Беларускіх школ мала, яны размешчаны на ўскраінах, у горшых будынках, у горшых умовах, як бы сумысля, каб малыя дзеці, насельніцтва не маглі дабрацца туды... Кажуць, што супраць беларускай школы з'яўляюцца пратэсты насельніцтва. Я і мае таварышы-літаратары атрымліваем таксама абразлівыя пісьмы за абарону мовы, за работу на ёй. Трэба добра разабрацца, хто гэта піша. Праўда, разбірацца цяжка, бо пішуць ананімы...
Пратэставаць супраць роднай мовы, з аднаго боку, могуць людзі па неразуменню, а з другога - нашы ворагі, ворагі нашай савецкай рэчаіснасці, ворагі дружбы народаў".
Сталінскі праклён
"У пэўны час - ці трэба тлумачыць, калі і чаму гэта было? — вялікая група інтэлігенцыі перастала карыстацца сваёю мовай. Абазвацца па-беларуску тады - значыла зарабіць ярлык нацыяналіста... Моладзь, падрастаючы, пачала ўжо нігілістычна адносіцца да мовы: нашто яе вывучаць, калі яна не мае практычнага прыстасавання, не ўжываецца для выкладання, для перапіскі, не гучыць на сходах...".
“Руская мова перакручваецца і калечыцца”
"Ці не выступаю я такім чынам супраць ужывання і пашырэння рускай мовы? Не руская мова - гэта шырокая брама ў культуру рускага народа, народаў нашай Радзімы і ўсяго свету... Але, няма чаго граху таіць, сапраўднага ведання рускай мовы ў рэспубліцы няма: яна перакручваецца і калечыцца. І гэта мне таксама рупіць і баліць, як перакручванне і калечанне мовы беларускай".
“Калі беларускаю мовай загавораць міністры…”
У нас праводзіцца шмат рэспубліканскіх нарад, урачыстасцей, святкаванняў. На іх выступаюць з дакладамі адказныя работнікі, якія ведаюць беларускую мову. Вось няхай бы гэтыя даклады рабіліся па-беларуску. Гэта задавала б тон і паказала б павагу да мовы з боку кіраўніцтва рэспублікі... Калі беларускаю мовай загавораць міністры і іх шматлікія намеснікі, пачнуць праводзіць на гэтай мове паседжанні, пісаць, дык можна мець пэўнасць, што справа пойдзе на лад.
... Пачаў жа я гэтую гаворку таму, што адчуваю гэта сваім абавязкам перад партыяй і народам. 25.05.1956 г.".
А ЦІ ВЕДАЛІ ВЫ?..
…як Коласа прэсавала савецкая ўлада
Колас атрымлівае ордэн Леніна з рук Калініна
Саветы ўслаўлялі Якуба Коласа як камуністычнага пісьменніка, аднак ніколі не забываліся на ягонае "дробнабуржуазнае нацыяналістычнае" мінулае ў газеце "Наша Ніва", удзел у першай нацыянальнай партыі Беларуская сацыялістычная грамада...
У 1926 годзе Канстанцін Міцкевіч праходзіў па судовай справе былога ўдзельніка антыбальшавіцкага слуцкага паўстання Юркі Лістапада, які абвінавачваўся ў стварэнні “нелегальнай антысавецкай арганізацыі”. Дома ў пісьменніка правялі вобшук, яго самога выклікалі на допыты ў ГПУ. Усё абышлося, але хутка гэта гісторыя мела працяг.
15 кастрычніка таго ж года, за месяц да святкавання 20-гадовага юбілея літаратурнай дзейнасці Коласа, на закрытым пасяджэнні ЦК КПБ(б) пастанавіла: “Правесці юбілей Якуба Коласа як літаратурны, культурніцкі юбілей, не надаючы яму грамадска-палітычнага характару”.
У 1930 годзе Коласа змусілі публічна прызнацца ў "дробнабуржуазным і кулацкiм нацыяналістычным адраджанізме". У 1938-м энкавэдысты паклалі на стол 1-га сакратара ЦК партыі Панамарэнкі кампрамат на класіка: "Проведенными арестами в 1937-1938 гг. органами НКВД нанесен значительный удар агентуре зарубежных разведок, засевшей в Академии наук... В руководстве Академии находятся активные контрреволюционеры: вице-президент АН Колас...". Аднак, як вядома, заміж ордэраў Колас з Купалам атрымалі з Масквы ордэны Леніна.
Ну і, натуральна, нямала твораў дзядзькі Якуба пацярпелі ад цэнзуры.
Гэтак, у 1931 годзе Культпрап ЦК КПБ(б) ініцыяваў “забаранiць распаўсюд казкi "Як пеўнiк ратаваў курачку" як контррэвалюцыйную". У 1928-м падчас падрыхтоўкі першага двухтомнага "Збору твораў" Колас выпраўляў у паэзіі дарэвалюцыйныя “ідэалагічныя памылкі”. Гэтак паўсюль выразалі слова “Бог”, і ў вершы "Да працы!" (1917) замест радка "Хай будзе Бог нам у прыгодзе!" з’явіўся "Хай будзе спор нам у прыгодзе!". Аформіўся і адпаведны ідэалагічны кантэкст: “Няма сумненняў, што гэты верш нарадзіўся ў сэрцы паэта, калі ён пачуў хвалюючую вестку пра Вялікую Кастрычніцкую сацыялістычную рэвалюцыю”. У вершы 1922 года “Першы гром” “голас Бога” саступіў месца “голасу моцы”. І такіх прыкладаў нямала.
…чаму Колас не сябраваў з Купалам
“Вялікай дружбы, якую паказваюць жывапісцы, некаторыя гісторыкі літаратуры, не было, - тлумачыў мне аўтарытэтны літаратурны крытык Пятро Васючэнка. - Было прыцягненне, адштурхоўванне двух геніяў. У літаратуры вялікія зоркі ніколі не ствараюць падвойныя зоркі. У адносінах Купалы і Коласа дастаткова было рэўнасці да таленту адзін аднаго. Хаця яны ўсведамлялі, што разам робяць адну справу - справу нацыянальнага адраджэння. Сустрэчы да рэвалюцыі былі рэдкія. Пасля рэвалюцыі яны сустракаліся за шахматнай дошкай, але гэта таксама мне бачыцца спаборніцтвам. У Коласа былі фармальныя прычыны раўнаваць да славы Купалы. Чаму заўсёды спачатку Купала, а потым ён: званне “народнага”, ва ўсіх пераліках. Пры тым, что ягоны талент быў не менш значны”.
А вось што ўзгадваў беларускі навуковец, супрацоўнік Інбелкульта Яўхім Кіпель: “Янка Купала - вялікі беларускі трыбун‚ але ў абыходжанні з людзьмі гэта быў тыповы беларускі шляхціц. Перад багатым і славутым Купала першы здымаў шапку‚ а бедняка ён не заўважаў. Паводзіны ж раўназначнага яму Якуба Коласа былі зусім інакшыя: гэты здымаў першы шапку не толькі перад славутым‚ але і перад бедняком, ды заўсёды бедняка заўважаў. Гэтая розніца ў стаўленні да людзей вынікала з таго‚ што яны ўзгадоўваліся ў розных сацыяльных умовах”.
… што ў Коласа былі амерыканскія сваякі
Малодшы брат Якуба Коласа Міхась Міцкевіч, вядомы ў літаратуры пад псеўданімам Антось Галіна, падчас нямецкай акупацыі працаваў інспектарам беларускіх школ. Па вайне, ратуючыся ад савецкай рэакцыі, дзядзька Міхась атабарыўся ў Нью-Ёрку, дзе рэдагаваў галоўную эмігранцкую газету "Беларус", адраджаў Беларускую аўтакефальную праваслаўную царкву і перакладаў на беларускую мову рэлігійныя тэксты. Натуральна, ніякай сувязі браты, што знаходзіліся па розныя бакі ад “жалезнай заслоны”, не падтрымлівалі.
У 1974 годзе ў выдавецтве “Народная асвета” выйшаў фотаальбом "Якуб Колас. Жыццё і творчасць". На адной са старонак - партрэты братоў і сясцёр літаратара. Не знайшлося месца толькі "калабаранту" і "здрадніку радзімы" Міхасю Міхайлавічу Міцкевічу (1897-1991). Адсечаны ад радзімы, ён пісаў сястры ў БССР: "Гэтымі днямі атрымаў атлас пра Коласа. Там ёсць здымкі Уладзі, Алеся, Лены, Юзіка, Міхаліны, Юзі і твой, Маня. А я хіба не існую?.."
Цяпер ў Нью-Ёрку жыве 89-гадовы пляменнік класіка Алесь Міцкевіч - адзін з арганізатараў і найстарэйшых прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў ЗША.
Кастусь Лашкевіч, ТUT.BY