BE RU EN

Мітрапаліт Кандрусевіч: «Палітычная дзейнасць - годнае выкананне хрысціянскіх абавязкаў»

  • 4.08.2009, 14:55

Мітрарапаліт Тадэвуш Кандрусевіч адказаў на пытанні сайта Каталіцкага Касцёлу ў Беларусі.

— Ваша Эксцэленцыя, нашы размовы ў межах парталу Catholic.by становяцца ўжо традыцыйнымі. Важна, што мы можам абмеркаваць значныя падзеі, якія адбыліся або адбудуцца ў жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, і, канечне, адказаць на пытанні, якія турбуюць нашых наведвальнікаў. Што сапраўды значнага на Ваш погляд адбылося за апошні час у жыцці Касцёла ў Беларусі?

— Дзякую. Каталіцкі Касцёл у Беларусі не стаіць на месцы, але ў меру сваіх магчымасцяў стараецца ісці наперад, выконваючы сваё заданне — абвяшчэнне Евангелля, асвячэнне людзей і будаванне супольнасці вернікаў.

З апошніх падзеяў найбольш значнымі былі наступныя. Найперш — гэта перэгрынацыя абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій нашага земляка благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі па парафіях Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Разам з біскупам Антоніем Дзям’янкам мы стараліся прысутнічаць амаль ва ўсіх парафіях. Гэта было нялёгка, маючы на ўвазе іншыя пастырскія справы і ўдзел у розных канферэнцыях як у Беларусі, так і за яе межамі. Я асабіста праехаў за час перэгрынацыі каля 9 тысяч кіламетраў.

Перэгрынацыя перасягнула ўсе спадзяванні. Паводле сведчанняў святароў, у буднія дні, калі у парафіі прыбываў абраз, было больш людзей, чым у нядзелю. Сапраўды, гэтая пастырская акцыя стала сапраўднымі дыяцэзіяльнымі рэкалекцыямі.

Наступнай вельмі важнай падзеяй стала чарговая ўрачыстасць Маці Божай Будслаўскай. Асабіста мяне вельмі моцна ўразілі пілігрымкі. Я нераз наведваў пілігрымаў падчас іх малітоўнага шляху ў нацыянальны санктуарый, маліўся з імі. Якое гэта сведчанне веры ў наш секулярны час! Вернікі, абсалютная большасць якіх моладзь, публічна вызнаюць сваю веру і такім чынам праводзяць вельмі актыўную і сапраўды неабходную ў час адыходу ад хрысціянскіх каранёў евангелізацыю.

Наступнай падзеяй, якая заслугоўвае, каб быць асабліва падкрэсленай, — гэта каранацыя цудоўнага абраза Маці Божай Тракельскай. Я шмат разоў быў у Тракелях, але яшчэ ніколі не бачыў там так многа людзей, асабліва моладзі.

Адной з цэнтральных падзеяў з жыцця Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі стала другая малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы. Гэтая сустрэча была адкрыта і для моладзі іншых дыяцэзій. Перад сустрэчай ужо ў сёмы раз адбылася музычная майстэрня, на якой маладыя музыканты набывалі музычную падрыхтоўку і рыхтаваліся да выканання абавязкаў музычных аніматараў у сваіх парафіях. Пробашчы многіх парафій вельмі ўдзячны арганізатарам майстэрні, якая носіць таксама характар рэкалекцый і грунтоўна дапамагае ў развіцці пастырства ў парафіях.

— Вы не раз падкрэслівалі, што менавіта моладзь займае першае месца ў Вашым сэрцы, менавіта праца з ёй з’яўляецца прыярытэтам Вашай пастырскай дзейнасці. Адным з галоўных моладзевых пастырскіх мерапрыемстваў стала сустрэча ў Івянцы. Якія вынікі яна прынесла, ці сапраўды гэта той фармат, які стаў блізкім сённяшняй моладзі?

— Калі ў сям’і ёсць дзеці, род працягваецца. Падобна і ў Касцёле: калі ёсць дзеці і моладзь, ён мае будучыню. Моладзь — гэта надзея Касцёла і надзея свету, таму ёй трэба займацца, трэба арганізоўваць пастырства моладзі, сустрэчы, канферэнцыі і г. д., каб выхоўваць яе на хрысціянскіх каштоўнасцях, а не на антыкаштоўнасцях сучаснага лібералізму. Гэтаму служаць таксама і малітоўныя моладзевыя сустрэчы.

Ідэя моладзевых сустрэч у Івянцы нарадзілася ў мінулым годзе. Як вядома, Каталіцкі Касцёл кожныя два-тры гады праводзіць Сусветныя дні моладзі. У мінулым годзе яны адбыліся ў Аўстраліі ў Сіднэі. Вельмі далёка ад нас. З Беларусі змагла паехаць толькі невялікая група маладых людзей. Таму было вырашана правесці ў гэты ж час агульнабеларускую сустрэчу моладзі ў Івянцы. Сустрэча ўдалася. Аднак мы нават не меркавалі паўтарыць яе ў гэтым годзе. Думалі, можа, падчас наступнага Сусветнага дня моладзі. Аднак маладыя людзі вельмі прасілі мяне арганізаваць сустрэчу. І я з радасцю згадзіўся.

Услед за згодай ідзе пошук матэрыяльных сродкаў і атрыманне дазволу ад уладаў. Дзякуй Богу — гэта ўдалося.

Затым наступае сама арганізацыя сустрэчы. Два разы склікалася Дыяцэз’яльная рада па справах моладзі для распрацоўкі праграмы сустрэчы. Была таксама і выяздная сустрэча ў Івянцы. У мяне багаты вопыт арганізацыі падобных сустрэч. Я прымаў удзел у сямі Сусветных днях моладзі ў якасці катэхета. Потым у Расіі Каталіцкі Касцёл некалькі разоў таксама арганізоўваў агульнарасійскія дні моладзі.

Базуючыся на папярэднім вопыце, была распрацавана праграма, якая ўключала канферэнцыі з магчымасцю задаваць пытанні прамоўцу, сустрэча з біскупам, святыя Імшы, сакрамэнт пакаяння і паяднання, аднаўленне абяцанняў хросту і сакрамэнт канфірмацыі, тэатральныя пастаноўкі, час на разважанне, канцэрты і г. д.

Жыццё пакажа, якія вынікі прынесла і прынясе малітоўная сустрэча моладзі ў Івянцы. Аднак ужо сёння можна сказаць, што ў цэлым яна была паспяховаю. Радуе мяне тое, што моладзь была вельмі ўдзячнай за сустрэчу і чакае наступных, бо адчувае ў іх патрэбу.

Я ўбачыў актыўную моладзь, якая задае сур’ёзныя і жыццёвыя пытанні, што клапоцяць яе. Моладзь малілася. Больш за тое, да падрыхтоўкі многіх малітоўных праграм яна прычынілася сама. Варта адзначыць, як добра была падрыхтавана моладдзю сустрэча абраза Езуса Міласэрнага і тэатральная пастаноўка пра Божую міласэрнасць! Які высокі мастацкі ўзровень і які духоўны змест!

Мяне вельмі ўзрушыла вялікая колькасць прыступаючых да сакрамэнту споведзі. Я таксама каля паўтары гадзіны спавядаў «non stop».

Я ўбачыў, што моладзь умее па-хрысціянску весяліцца. Канцэтры, якія мелі хрысціянскі і духоўны змест, не былі асобнымі мерапрыемствамі, але з’яўляліся інтэгральнай часткай малітоўнай сустрэчы.

Падчас пілігрымак, цэнтальнай урачыстасці ў Будславе і малітоўнай сустрэчы ў Івянцы моладзь паказала, што ўмее і маліцца, і весяліцца. Як некалі казалі: і да танца, і да ружанца. Брава, моладзь! Ад усяго сэрца дзякую вам!

Адной з мэтаў такіх малітоўных сустрэч з’яўляецца стварэнне клімату любові, даверу, узаемаразумення. Гэта магчыма толькі ў тым выпадку, калі мы будзем з павагай і любоўю адносіцца адно да аднаго, а таксама памятаючы пра галоўныя мэты дадзеных мерапрыемстваў. Перапрашаю, калі гэта не зусім удалося. Трэба памятаць, што ад нас і нашай сталасці залежыць будучыня падобных сустрэч.

— На якой мове сёння павінен размаўляць Касцёл, каб яна была зразумела маладому чалавеку?

Сучасны малады чалавек — гэта чалавек высокаадукаваны і амбіцыйны. У той жа час, гэта чалавек, які стаіць перад велізарнымі выпрабаваннямі секулярнага свету, які вабіць яго, прыцягвае і абяцае хуткае шчасце. Гэта чалавек, які хоча быць шчаслівым і шукае шчасця, але, на жаль, найчасцей у матэрыяльных каштоўнасцях і задавальненні цела. Спрыяе гэтаму агульны клімат ідэалогіі постмадэрнізму, які абвяшчае, што няма абсалютнай праўды і ўсё адносна, што ў сваю чаргу вядзе да маральнага рэлятывізму і жадання змяніць маральныя нормы, устаноўленыя Богам.

Таму да сучаснага маладога чалавека трэба прамаўляць на зразумелай яму мове і не ўхіляцца ад турбуючых яго праблем. Аднак гэтая мова з маральнага пункту гледжання павінна гучаць дакладна і канкрэтна: «так» — «так» або «не» — «не». Сапраўдная свабода — гэта не свабода ад адказнасці, павагі, альтруізму. Сапраўдная свабода — гэта не жыццё пад дэвізам «Я маю права!», а пастаяннае пытанне: якімі павінны быць мае адносіны да іншых, да іх поглядаў і перакананняў. Свабода — гэта жыццё праўдай адкупленых дзяцей Божых. Не мае рацыі той, хто робіць амаральнае і апраўдвае сябе тым, што гэта нікому не шкодзіць. Мы заўсёды павінны жыць Божай праўдай. Таму, як навучае Слуга Божы Ян Павел II, трэба не баяцца адчыніць дзверы Хрысту. І як дадае Бэнэдыкт XVI, не баяцца, бо Хрыстус нічога не забірае, а толькі дае. І сённяшні Каталіцкі Касцёл не баіцца гэтага рабіць, бо адчувае вялікі патэнцыял сваіх вернікаў, асабліва моладзі.

— Сённяшняя моладзь, гэта людзі розных, часта радыкальных поглядаў на свет, культуру, сваё месца ў грамадстве, палітыцы. На Вашу думку, ці можа сёння Касцёл стаць для ўсіх іх домам? Які рэцэпт іх творчага, па-хрысціянску крэатыўнага прабывання ў супольнасці, што завецца Каталіцкім Касцёлам?

— Дзверы Касцёла адчынены для ўсіх — людзей пабожных і грэшных. Касцёл святы, і адначасова гэта Касцёл грэшнікаў. Езус сказаў, што ўрач патрэбны не здароваму чалавеку, але хвораму. Касцёл, які паводле навучання II Ватыканскага Сабору з’яўляецца сакрамэнтам паўсюднага збаўлення, якраз і ёсць такім урачом, бо дзейнічае моцаю Збаўцы, і таму гэта сараўдны дом для ўсіх.

Касцёл заклікае вернікаў да больш актыўнага ўдзелу ў яго жыцці. Тое, што можна было ўбачыць падчас сёлетніх пілігрымак, урачыстасці ў Будаславе ці ў Івянцы — гэта сапраўдны адказ на навучанне II Ватыканскага Сабору, якое прадугледжвае актыўны ўдзел у жыцці Касцёла пад кіраўніцтвам святароў. Вернікі таксама павінны адчуваць сваю адказнасць за Касцёл. Часта мне задаюць пытанні: калі ў тым ці іншым раёне Мінска будзе пабудаваны касцёл? Мяркую, што гэтае пытанне не да біскупа, а да саміх вернікаў. Маё заданне — атрымаць дазволы на будаўніцтва святыні. У Мінску ўжо атрымана 6 пляцовак пад будову касцёлаў. Хто раней будаваў касцёлы? Самі вернікі. Пра гэта трэба памятаць. Пэўную, цяпер ужо зусім невялікую, дапамогу з-за мяжы мы, можа, і атрымаем, але галоўны цяжар павінны ўзяць на сябе самі вернікі. Так было заўсёды і застаецца актуальным па сённяшні дзень. Вернікі таксама павінны дбаць пра ўтрыманне будынка. На жаль, у нас прыжылося меркаванне, што за ўсё адказны святар. Касцёл належыць не святару, але вернікам. Святар нейкі час працуе ў адной парафіі, затым можа быць пераведзены ў іншую. Дарэчы, таксама і біскуп.

— Ваша Эксцэленцыя, як Вы лічыце, ці застаецца яшчэ сёння прывабным Евангелле, ці мае яно моц само ў сабе? Можа, у яго прапаведаванні павінны ўжывацца разнастайныя каталізатары, напрыклад, палітычнай натуры?

— Сапраўды, у наш час секулярызму можна пачуць, што Евангелле і хрысціянства наогул ужо выкараніліся. Аднак у мяне паўстае пытанне: якое хрысціянства? Тое павярхоўнае, якое імкнецца змяняць маральныя нормы? Якое адракаецца ад сваіх каранёў? Якое не падпарадкоўваецца навучанню Касцёла і Папы? Так, сапраўды, такое хрысціянства адмерла.

Не мы павінны змяняць Евангелле, але Евангелле павінна змяняць нас. Касцёл чакае ад нас евангельскага радыкалізму, бо хоць і змяняецца свет, аднак маральныя нормы застаюцца нязменнымі. Евангелле не страціла свайго значэння. Праблема ў тым, што чалавек губляе зацікаўленасць у ім. Нам часта даводзіцца чуць, што людзі страцілі сэнс свайго жыцця, асабліва моладзь. Аднак, тыя, хто жыве ў значна больш складаных сітуацыях, здолелі не страціць апоры ў вечна жывым слове Евангелля, бо шукалі і працягваюць яе шукаць. Таму яно для іх прывабнае і мае моц.

Каталізатарам сапраўднага хрысціянства не можа быць ганенне на Касцёл, бо многія кажуць, што падчас пераследу вера была мацнейшая, а ў наш час —слабейшая. Вера мае наднацыянальны характар, надпалітычны, надэканамічны і г. д. Паводле сацыяльнага вучэння Касцёла, якое пададзена ў Кампендыуме, «Патрабаванні хрысціянскай веры немагчыма змясціць у нейкай адной палітычнай платформе. Сцвярджаць, што нейкая палітычная партыя ці кааліцыя поўнасцю адпавядае патрабаванням веры і хрысціянскаму жыццю — гэта значыць садзейнічаць узнікненню небяспечнай памылкі. Хрысціянін не знойдзе партыі, якая поўнасцю адпавядала б этычным патрабаванням, што вынікаюць з веры і з прыналежнасці да Касцёла. Прыналежнасць хрысціяніна да якой-небудзь палітычнай групоўкі ніколі не павінна быць ідэалагічнай, але заўсёды крытычнай, каб партыя і яе палітычная платформа атрымлівалі стымул для развіцця, якое будзе скіравана на сапраўднае агульнае дабро разам з духоўнай мэтай чалавека» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, №573). Павінен быць адзін каталізатар — гэта наша вера, любоў і надзея на Бога.

— Як Вы лічыце, якую пазіцыю займае сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі ў грамадскім жыцці краіны, ці належная яна?

— Галоўным заданнем Касцёла з’яўляецца прапаведаванне Евангелля. Гэта значыць абвяшчэнне праўды Божай. Праўда Божая абвяшчаецца праз навучанне, катэхізацыю, набажэнствы, дабрачыннасць, праз усю дзейнасць і сведчанне Касцёла. Касцёл заклікае і дапамагае захоўваць права Божае, абараняць сям’ю — адзіны і непарушны інстытут, устаноўлены Богам, права на жыццё — найвышэйшую каштоўнасць, дадзеную Богам, права на свабоду веравызнання, заклікае і дапамагае змагацца з такой вялікай бядой, як алкагалізм, да якога далучыліся наркаманія і СНІД, заклікае да сацыяльнай справядлівасці і г. д.

Каталіцкі Касцёл праз Канферэнцыю Біскупаў, праз асобных іерархаў або праз сродкі масавай камунікацыі неаднойчы выказваўся адносна балючых праблемаў сучаснасці і грамадства. Выказваўся таксама ў супольнасці з іншымі хрысціянскімі і нехрысціянскімі веравызнаннямі, найперш з Праваслаўнай Царквой. Гэта былі праблемы сям’і, абортаў, распаўсюджвання, прафілактыкі і лячэння алкагалізму, наркаманіі і СНІДУ; праблемы вяртання касцёльных будынкаў і атрымання дазволу на будаўніцтва новых; праблемы служэння замежных святароў, законнікаў і законніц; праблемы сацыяльнай справядлівасці; праблемы этыкі ў сродках масавай камунікацыі; праблемы, выкліканыя сучасным фінансавым крызісам і г. д. Ці з’яўляецца належнай пазіцыя Касцёла? Адказ можа даць толькі Бог. Езус казаў: не судзіце і вы не будзеце асуджаны. Напэўна, трэба памятаць і тое, што дасканалы толькі Бог і межаў дасканаласці няма.

— У адным з інтэрв’ю Вы казалі, што Касцёл не з гэтага свету, але знаходзіцца ў ім і не павінен уцякаць ад яго праблемаў. Скажыце, ці забараняе Касцёл сваім вернікам удзельнічаць у палітычным і грамадскім жыцці? Дзе мяжа, якую нельга перакрочыць, каб не стаць ахвярай сучаснага рэлігійна-палітычнага сінкрэтызму?

— Кажучы, што Касцёл не з гэтага свету, але знаходзіцца ў ім і не павінен уцякаць ад яго праблемаў, я толькі працытаваў благаслаўлёнага Папу Яна XXIII, з якім абсалютна згаджаюся. Касцёл не забараняе сваім вернікам удзельнічаць у палітычным жыцці. Касцёл забараняе святарам выстаўляць сваю кандыдатуру на выбары ў заканадаўчыя і выканаўчыя органы ўлады. Затое ён заахвочвае вернікаў прымаць удзел у палітычным і грамадскім жыцці, бо менавіта яны, калі будуць сапраўднымі хрысціянамі, будуць спрыяць, каб маральныя прынцыпы захоўваліся пры прыняцці законаў і іх практычным выкананні. Тут не можа быць рэлігійнай паліткарэктнасці, як не можа быць і рэлігійна-палітычнага сінкрэтызму.

Сучаснае сацыяльнае вучэнне Каталіцкага Касцёла пра Касцёл і палітычную супольнасць кажа так: «Касцёл не атаясамліваецца з палітычнай супольнасцю і не звязаны ні з адной палітычнай сістэмай, паколькі палітычная сістэма і Касцёл дзейнічаюць кожны ў сваёй сферы» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, № 50). «Хаця Касцёл і палітычная супольнасць маюць бачную арганзіацыйную структуру, яны адрозніваюцца па сваёй канфігурацыі і мэтах… Касцёл паважае законную аўтаномію дэмакратычнага парадку і не мае права аддаваць перавагу таму ці іншаму інстытуцыйнаму ці канстытуцыйнаму рашэнню» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, № 424). Але з іншага боку, «узаемная аўтаномія Касцёла і палітычнай супольнасці не азначае раздзялення, якое б выключала супрацоўніцтва. Абедзве супольнасці, хаць і розным чынам, служаць асабістаму і сацыяльнаму пакліканню тых жа самых людзей. Фармальная арганізацыя Касцёла і палітычнай супольнасці не з’яўляюцца самамэтай, але служаць чалавеку, каб дапамагчы яму поўнасцю рэалізаваць правы, уласцівыя як грамадзяніну і хрысціяніну, і правільна выканаць адпаведныя абавязкі. Касцёл і палітычная супольнасць могуць ажыццяўляць сваё служэнне дзеля дабра ўсіх тым больш паспяхова, чым лепш яны будуць супрацоўнічаць, беручы пад увагу абставіны месца і часу» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, № 425).

Дазволю сабе прывесці яшчэ адну цытату з Кампендыума. «Для свецкіх вернікаў палітычная дзейнасць з’яўляецца годным і адказным выкананнем хрысціянскіх абавязкаў служыць бліжнім. Імкненне да агульнага дабра ў духу служэння, развіццё справядлівасці, асаблівая ўвага да сітуацыі беднасці і цярпення, павага да аўтаноміі зямных спраў, прынцып субсідыярнасці, падтрымка дыялогу і спакою на аснове салідарнасці — вось крытэрыі, якія павінны натхняць свецкіх хрысціянаў у іх палітычнай дзейнасці» (Кампендыум сацыяльнага вучэння Касцёла, № 565).

— Ці дастаткова адкрыты сёння Касцёл на грамадскую супольнасць, ці не існуюць бар’еры, якія перашкаджаюць у дыялогу з ёй. Ці не мае дыялог, які вядзе сёння Каталіцкі Касцёл у Беларусі, характару селектыўнасці?

— Мы стараемся весці дыялог з усімі. Не заўсёды гэта ўдаецца. Напрыклад, нам не ўдалося арганізаваць аплатковую сустрэчу з ваеннымі па прычыне адсутнасці спецыяльнай дамовы.

Цяжка таксама назваць сапраўдным дыялогам тыя сітуацыі, калі сам факт сустрэчы трактуецца другім бокам, як зняцце дагматычных адрозненняў.

Кожны дыялог павінен быць у любові і праўдзе, шчырасці і па добрай волі. Папа Бэнэдыкт XVI у сваёй апошняй энцыкліцы «Любоў у праўдзе» базуючыся на навучанні Касцёла, якое існуе да гэтага часу, сцвярджае, што Касцёл не прапануе тэхнічнага вырашэння праблем, звязанных з развіццём свету, і далёкі ад умяшальніцтва ў кіраванне дзяржавамі, пры гэтым ён павінен выконваць місію праўды дзеля грамадства (пар. Энцыкліка «Любоў у праўдзе», №9).

На прэс-канферэнцыі мы запрашаем і вядзём дыялог з усімі прадстаўнікамі СМІ. Ніхто і ніколі не праводзіць селекцыі. На галоўнай урачыстасці ў Будславе і на малітоўнай сустрэчы моладзі ў Івянцы прысутнічалі не толькі праваслаўныя, але і прадстаўнікі іншых веравызнанняў. На экуменічныя сустрэчы, якія адбываюцца ў нашых святынях, мы запрашаем прадстаўнікоў іншых канфесій. Не так даўно ў нашай Айчыне была створана Грамадская рада па маральнасці, у якую ўваходзіць Каталіцкі Касцёл, іншыя хрысціянскія канфесіі і нехрысціянскія рэлігіі, разам з прадстаўнікамі грамадскасці.

— Эксцэленцыя, напрыканцы хацеў бы запытацца пра важныя падзеі, якія нас чакаюць у жыцці Каталіцкага Касцёла ў Беларусі.

— Найбліжэйшай і вельмі важнай падзеяй стане першая агульнабеларуская сустрэча святароў з нагоды Года святарства, якая адбудзецца 4 жніўня ў мінскім касцёле святых Сымона і Алены.

22 жніўня ў Браславе адбудзецца каранацыя абраза Маці Божай Браслаўскай — Валадаркі азёраў.

На 23 жніўня ў мінскай архікатэдры запланавана ўрачыстае афіцыйнае завяршэнне перэгрынацыі абраза Езуса Міласэрнага і рэліквій благаслаўлёнага кс. Міхала Сапоцькі.

— Вялікі дзякуй за размову.

последние новости