BE RU EN

Юрист - журналистам: Помните, в какой стране живем

  • 2.03.2010, 15:05

Как вести себя, если вас «посетили» сотрудники следственных органов?

1 сакавіка шэф-рэдактарка «Народнай волі» Святлана Калінкіна склала скаргу на дзеянні міліцыянтаў, якія 26 лютага правялі ператрус у яе прыватнай кватэры. 2 сакавіка скаргу накіруюць у пракуратуру Савецкага раёна Мінска.

І сама журналістка, і юрысты, з якімі яна раілася, мяркуюць, што ператрус быў здзейснены з шэрагам парушэнняў: візіцёры не назвалі сябе, ператрус праводзілі адразу некалькі асобаў, журналістцы не далі патэлефанаваць і загадалі адразу ж адключыць усе тэлефоны...

Ці магчыма было пазбегнуць такога развіцця падзеяў? Як паводзіць сябе, калі да вас «завіталі» супрацоўнікі следчых органаў? Парады журналістам на гэты конт дае на сайце БАЖ юрыст, намеснік старшыні РГА «Беларускі Хельсінскі камітэт» Гары Паганяйла.

«Журналістаў апошнім часам нярэдка затрымліваюць, прапануюць даць тлумачэнні, патрабуюць праглядзець змест іх ноўтбукаў, камп’ютэраў, відэазапісаў, праводзяць ператрусы на іх працоўных месцах, у кватэрах… Пры гэтым мы часам сутыкаемся з сур’ёзнымі парушэннямі крымінальна-працэсуальнага заканадаўства супрацоўнікамі органаў крымінальнага вышуку. Як быць у гэтай сітуацыі?

Я б хацеў, каб журналісты ўсведамлялі, у якой краіне яны жывуць, і ведалі свае ўласныя правы.

1. Памятайце пра арт. 27 Канстытуцыі РБ

Журналіст, як і кожны грамадзянін Беларусі, мае права не даваць ніякіх тлумачэнняў, спасылаючыся на арт. 27 Канстытуцыі РБ і адпаведны артыкул Крымінальна-працэсуальнага заканадаўства, які гарантуе ім права не даваць паказанняў супраць саміх сябе і блізкіх сваякоў.

2. Патэлефануйце свайму юрысту і калегам, каб яны прыехалі

Яшчэ адно правіла, якое варта мець на ўвазе: у выпадку правядзення следчых дзеянняў з удзелам журналістаў яны могуць па тэлефоне паведаміць пра гэта сваім блізкім, калегам, а таксама адвакату.

Журналіст мае права запрасіць свайго прадстаўніка да ўдзелу ў следчых дзеяннях, якімі б яны ні былі (ператрусы, затрыманні, допыты). Права на аказанне юрыдычнай дапамогі замацавана як ў Канстытуцыі, так і ў крымінальна-працэсуальным заканадаўстве. Чыненне перашкодаў юрыдычнай дапамозе забараняецца. Таму мець свайго знаёмага адваката ў нашых умовах проста неабходна. Гэта могуць быць і прафесійныя адвакаты, і прадстаўнікі БАЖ, якія валодаюць ведамі па аказанні прававой абароны калегам, а таксама прадстаўнікі праваабарончых арганізацый, якія могуць забяспечыць прадстаўніцтва гэтых грамадзян у органах крымінальнага пераследу, органах пракуратуры, КДБ.

Калі вы запатрабавалі, каб на следчых дзеяннях прысутнічаў ваш прадстаўнік, які можа прыехаць да вас у найбліжэйшы час (скажам, на працягу 20 хвілін), следчыя павінныя пачакаць яго і не распачынаць следчых дзеянняў. Прадстаўнік, як і панятыя, будзе сведкам таго, што ўсе следчыя дзеянні вяліся законна. Ён з’яўляецца гарантам таго, што не парушаліся вашыя правы і інтарэсы.

3. Асобы, якія «суправаджаюць» следчага, не маюць права праводзіць ператрус

Бывае, што разам са следчым, які павінен правесці ператрус у вашым памяшканні, прыходзяць яшчэ некалькі асобаў. Трэба ведаць, што ў вобшуку могуць браць удзел сам следчы, панятыя і спецыяліст, калі гэта неабходна.

Усе астатнія асобы, якія «суправаджаюць», павінныя знаходзіцца па-за вашай кватэрай. З меркаванняў бяспекі супрацоўнік міліцыі можа знаходзіцца і ў кватэры, але пры гэтым ніякіх дзеянняў ажыццяўляць не можа.

Падчас ператрусу трэба вельмі ўважліва сачыць за дзеяннямі следчых, каб падчас яго вам не падкінулі кампраметуючых рэчаў. Ні ў якім разе не давайце ім магчымасці без нагляду перасоўвацца па кватэры.

4. Перапішыце ўсё

Найперш зрабіце выпіску з пастановы на правядзенне ператрусу, звярнуўшы ўвагу на наступныя пытанні: па якой крымінальнай справе праводзіцца вобшук; хто вядзе яго; хто прыцягнуты ў якасці спецыяліста, панятых; хто санкцыянаваў.

Пасля завяршэння следчых дзеянняў павінны быць складзены пратакол вобшуку. У ім абавязкова павінны быць адлюстраваныя тлумачэнні вашых правоў, правоў усіх дарослых членаў сям’і, якія прысутнічалі пры вобшуку, таксама тлумачэнні магчымасці рабіць заўвагі на складзены пратакол і заносіць у пратакол скаргі на дзеянні следчага.

Толькі пасля ўнясення ўсіх вашых заўваг вам можна падпісаць гэты дакумент і запатрабаваць ягоную копію. Калі для вашых заўваг у пратаколе не хапае месца, можна запатрабаваць, каб іх унеслі ў асобны пратакол. Следчы абавязаны скласці такі дакумент, у ім вы павінны распісацца, а следчы павінен цягам 24 гадзін перадаць вашу скаргу і свае тлумачэнні пракурору па наглядзе. Апошні абавязаны правесці праверку скаргі і прыняць меры пракурорскага рэагавання.

Калі копію зрабіць няма тэхнічнай магчымасці, то варта максімальна дакладна перапісаць усе дадзеныя следчага і панятых з пратаколу, а таксама ўнесеныя вамі заўвагі і асноўныя вынікі следчых дзеянняў. Напрыклад, якія рэчы апісалі і забралі. Усё гэта можа вам дапамагчы пры складанні скаргі ці ў размове з вашым юрыстам.

Напісаць скаргу на дзеянні следчых можна і самастойна пасля завяршэння следчых дзеянняў. Адрасаваць такую скаргу трэба тэрытарыяльнаму пракурору: калі вобшук праводзілі супрацоўнікі раённай міліцыі ці КДБ, то скаргу належыць накіроўваць раённаму пракурору, калі следчыя былі з гарадскіх праваахоўных органаў — гарадскому пракурору, калі з абласных — абласному, і г.д.

Калі адказ пракурора па наглядзе вас не задаволіў, вы маеце права абскардзіць яго ў вышэйшага пракурора ці праз суд. Паводле практыкі, найбольш эфектыўна скардзіцца праз суд. Менавіта там вы можаце галосна заявіць сваю скаргу на дзеянні следчага, які павінны будзе даказваць, што дзейнічаў у межах закону.

5. Следчыя могуць весці відэазапіс, але вы маеце права заявіць пратэст супраць яго публічнага выкарыстання

Відэазапіс следчых дзеянняў можа праводзіць спецыяліст, чыё імя і прозвішча павінна быць унесена ў пратакол. Пярэчыць супраць гэтага даволі складана, але можна патрабаваць, каб гэты відэазапіс выкарыстоўваўся толькі як спосаб фіксавання следчых дзеянняў, бо такі запіс у любым выпадку закранае таямніцу прыватнага жыцця. Каб пазбегнуць выкарыстання запісу, напрыклад, на дзяржаўным тэлебачанні, неабходна самастойна (калі гэтага не зрабіў следчы) напісаць ў пратаколе, што вы забараняеце выкарыстоўваць запіс.

6. Вы маеце права патэлефанваць

Усе патрабаванні адключыць на час вобшуку мабільныя і хатнія тэлефоны, забарона на тэлефонны званок сваякам, калегам ці адвакату — супрацьзаконныя. Калі следчы жадае захаваць таямніцу следчых дзеянняў, ён павінен папярэдзіць вас пра гэта, і тады вы не маеце права распаўсюджваць гэтую інфармацыю. Такую падпіску аб неразгалошванні следчы можа запатрабаваць. Але тэлефанаванне юрысту, сваякам, суседзям, якія, дарэчы, могуць быць панятымі замест тых, якіх следчыя прывялі з сабой, вам павінны дазволіць. Калі следчы патрабуе адключыць тэлефон, вы маеце права не падпарадкоўвацца яго патрабаванню. Вам неабходна патлумачыць яму, што такія патрабаванні незаконныя. Яшчэ раз падкрэсліваю: настойвайце на тым, каб у следчых дзеяннях прымаў удзел ваш знаёмы адвакат ці юрыст у якасці вашага прадстаўніка.

7. Ператрус могуць правесці і без вашага ўдзелу

Ператрус у вашай кватэры можа праводзіцца і без вашага ўдзелу, у прысутнасці любога поўнагадовага чальца сям’і, які жыве ў кватэры. А калі абставіны справы дыктуюць неабходнасць тэрміновага правядзення такога вобшуку, а нікога ў кватэры няма, тады выклікаюць прадстаўнікоў жыллёва-камунальнай службы, панятых… Органы, якія праводзяць следчыя дзеянні, маюць права нават узламаць дзверы вашай кватэры. Але толькі тады, калі ў іх ёсць важкія доказы таго, што ў вашай кватэры, напрыклад, хаваецца злачынца, захоўваюцца скрадзеныя рэчы ці знаходзіцца зброя…»

2 сакавіка праўленне ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў» ухваліла тэкст адкрытага ліста да Генеральнага пракурора РБ з нагоды ператрусу ў Святланы Калінкінай і наступу на правы беларускіх журналістаў, які назіраецца апошнім часам. Журналісцкая арганізацыя лічыць, што ператрусы не мелі пад сабой прававых падставаў і з’яўляюцца грубым умяшальніцтвам у свабоду журналісцкай дзейнасці, а таксама настойвае на прыняцці захадаў пракурорскага рэагавання для аднаўлення законнасці. Найбліжэйшым часам тэкст гэтага дакумента будзе даступны на нашым сайце.

последние новости