Памер Віталь Скалабан — адзін з найлепшых гісторыкаў
- 21.08.2011, 17:00
Унікальны знаўца гісторыі беларускага нацыянальнага руху адышоў у 64 гады.
Віталь Скалабан нарадзіўся ў 1947 годзе ў вёсцы Шылавічы Слонімскага раёна. Ён скончыў Ленінградскі ўніверсітэт у 1970 годзе. 3 1972-га працаваў у выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя» рэдактарам, пасля загадчыкам рэдакцыі, піша «Наша Ніва».
Скалабан быў унікальным знаўцам гісторыі беларускага нацыянальнага руху. Менавіта ён выявіў, хто быў аўтарам паэмы «Тарас на Парнасе». Ён стаяў у вытоках стварэння найлепшых энцыклапедый на беларускай мове, у тым ліку 6-тамовай «Энцыклапедыі гісторыі Беларусі». Пры гэтым ён быў выдатным пісьменнікам: ён аўтар дзясяткаў публікацый у газетах і часопісах, пісаў пра постаці і эпізоды гісторыі.
Кандыдацкую ён абараніў даволі позна — у 1987 годзе. Доктарам навук так і не стаў: хоць ведаў і адкрыў больш за многіх дактароў.
Свае навуковыя зацікаўленні пазначаў як: Доўнар-Запольскі, Улашчык, Янка Купала, Гарэцкі, Ігнатоўскі, Платонаў, КПБ; гісторыя беларускага нацыянальнага руху, культура ХІХ-ХХ ст., пытанні гістарыяграфіі, архівазнаўства, краязнаўства і бібліяграфіі.
У 1995–2000 быў намеснікам дырэктара Беларускага навукова-даследчага інстытута дакументазнаўства і архіўнай справы.
Заўжды вясёлы, ён быў душою асяродкаў, у якіх працаваў.
Адыход Віталя Скалабана — гэта страта для беларускай культуры, якую нават цяжка вымераць.
Развітанне з гісторыкам плануецца на аўторак.