«Адзін дома» - цяпер па-беларуску
- 9.01.2013, 12:27
Суполка ў сацыяльнай сетцы «Укантакце», што летась пераклала серыял «Футурама», прэзентавала беларускамоўную версію класічнай амерыканскай камедыі «Адзін дома».
«Мы даўно думалі перакласці нейкі фільм, хацелася паспрабаваць сябе ў новым, так бы мовіць, жанры, — кажа перакладчык праекта Кандрат. — Да таго ж, «Футураму» глядзіць у асноўным моладзь, а кіно — людзі рознага веку, у тым ліку дзеці, мы вырашылі, што будзе добра пашырыць аўдыторыю».
Фільм з’явіўся ў сеціве пад Новы год, перакладчыкі тлумачаць, што выбар стужкі быў відавочны, піша «Наша Ніва».
«Што да выбару фільма, ён прыйшоў сам сабою, для нас і для многіх людзей «Адзін дома» — сімвал дзяцінства і Новага года, а мы хацелі зрабіць падарунак гледачам, таму адразу ўзяліся за пераклад, — тлумачыць спадар Кандрат. — З фільмам працаваў той жа калектыў, што і з «Футурамай». Я быў ініцыятарам, таму перакладаў сам, а таксама займаўся апрацоўкай гуку. Жаночыя і дзіцячыя ролі агучвала Воля, завадатарка нашага праекта, а мужчынскія дзялілі хлопцы, якія не так даўно далучыліся да нашай каманды — Валера і Жэня».