Зянон Пазьняк: Ужо гадзіньнік празваніў на Айчыннай вежы
- 18.03.2014, 12:30
Ключавыя пазыцыі ў краіне абстаўлены расейцамі і расейскімі цітушкамі.
Тактыка Захаду адносна акупацыі Украіны Масквой была зразумелай адразу, і нават наперад. Але трэба было, каб мінула два тыдні бязвыніковай гаварыльні пра іхную «заклапочанасьць», каб адбылася фактычная анэксія Крыма, каб усім, хто ня ў стане быў разумець, усё стала зразумела. Заходнія палітыкі паводзяць сябе дакладна так, як некалі пры здачы Чэхаславаччыны Гітлеру. І таксама, як той Чэмбэрлен, яны задаволеныя сабой, пiша Зянон Пазьняк на сваiм сайце.
Зразумела, што цяперашнія чэмбэрлены вырашылі ўлагодзіць Пуціна (як гэта знаёма!): аддаць яму Крым і абараніць Украіну. Адным словам, і козы жывыя, і ваўкі наеліся. Яны думаюць, што Пуцін супакоіцца на дасягнутым, і тады яны загоняць яго ў «дыялог» з украінцамі, палохаючы санкцыямі. І будуць гаварыць, гаварыць... Гэта іхняя тыповая філісьцерская манера паводзінаў у палітыцы. Яны заўсёды “заклапочаныя”... сваім камфортам.
Калі б такое здарылася, як яны думаюць, то трэба было б адразу распускаць АБСЭ, як поўную непатрэбшчыну ў новай геапалітычнай рэальнасьці. Трэба б было здаць у архіў Гэльсінскія пагадненьні і шэраг іншых актаў, на якіх грунтуецца цяперашні цывілізаваны сьвет у міжнародных адносінах. Зрэшты, такое, відаць, здарыцца, бо ўжо, фактычна, здарылася. Перадзел сьвету пачынаецца.
Першымі зрэагавалі кітайцы, і ўжо падрыхтавалі праект закона аб сібірскіх тэрыторыях і кітайскім грамадзянстве за межамі Кітая. Мяркую, што самы час беларусам падумаць пра вяртаньне сваіх тэрыторыяў і сталіц. Стары часовы парадак у Эўропе бурыцца. Арда, якая ўтварылася на вялікай крыві, ня можа зьнікнуць бяссьледна, але толькі праз вялікую кроў. Каб гэтага ня здарылася, трэба, вобразна кажучы, даць Ардзе па пысе, пакуль яна яшчэ не паднялася. Гэта адзіны мэтад у размове з Ардой. І адзіная мова, якую яна разумее. Уся бяда ў тым, што няма каму ёй па яе пысе даць у сьвеце, дзе сілай кіруюць бязвольныя палітыкі з філісьцерскімі мазгамі.
Нікчэмнасьць іхных паводзінаў яшчэ і ў тым, што анэксіяй Крыма справа не абмяжуецца. Барацьба вядзецца за Украіну. Гэтая апэрацыя плянавалася Масквой даўно. Іншага шанцу для яе ажыцьцяўленьня ў Крамля ўжо ня будзе. Гэта шанец для Масквы апошні, і назад у іх дарогі няма. І пуціністы тое разумеюць.
Украінцам трэба спадзявацца, перш за ўсё, на самых сябе. Армія слабая. Улада нікчэмная. Моцны толькі народ. Трэба раздаць зброю народу, узброіць яго. Калі не раздадуць, то украінцам трэба ўзброіцца самым, забраць зброю і не палохацца пакутаў і ахвяр. Гэта ёсьць для іх Айчынная вайна. Вораг ужо аб’явіў, што будзе засяляць украінцамі ўсходнюю Сібір. Арду пераможа ня армія, яе пераможа толькі Украінскі Народ.
Такая самая збройная матрыца супраціўленьня павінна быць і для Беларусі, захоп якой ўжо падрыхтаваны Лубянкай знутры. Ключавыя пазыцыі ў краіне абстаўлены расейцамі і расейскімі цітушкамі. Мяжа адчынена. Расейскія ваенныя базы ўведзены ў Беларусь. Авіяцыя перакінута на беларускую тэрыторыю. Чорнай расейскай прапагандай нашпігаваны сеціва і эфір. Увесь час нішчаць ўсё беларускае.
Усё гэта сьведама зроблена праз здрадніка і вырадка народа, якога не павінна насіць беларуская зямля. Яшчэ дзесяць гадоў таму рэжым адабраў ўсю паляўнічую зброю ў беларусаў, а беларуса Аўтуховіча за знойдзеныя ў яго чатыры паляўнічыя патроны кінулі на доўгі час і на зьдзек ў турму. Гэта частка плану расейска-гэбоўскай палітыкі па раззбраеньню народа і падрыхтоўка захопу Беларусі.
Ужо гадзіньнік празваніў на Айчыннай вежы. Рыхтуймася да вайны, бо яна ўжо пачалася. Ганьба – не наш шлях. Наш шлях – гонар і барацьба.
Слава Украіне! Жыве Беларусь!