Някляеў: Беларуская мова існавала з часоў «Слова пра паход Ігара»
- 21.12.2016, 16:55
Сучасны расеец не разумее 70% словаў паэмы, бо яе лексіка бліжэй да беларускай.
У Расейскім інстытуце стратэгічных дасьледаваньняў назвалі Беларусь часткай Расеі і выступілі супраць разьвіцьця беларускай мовы, перадае «Радыё Свабода».
Леанід Рашэтнікаў, дырэктар Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў, які забясьпечвае аналітыкай адміністрацыю Ўладзіміра Пуцін, адзначыў, што ў Беларусі «ўсё рухаецца паводле ўкраінскага сцэнару».
«Працэсы вельмі падобныя. І, на жаль, ня бачым працэсаў, якія б ім супрацьстаялі. Лінія на аддзяленьне беларусаў ад расейцаў, стварэньне плоту паміж беларусамі і расейцамі ў ідэалягічным, гістарычным, ідэйным і духоўным пляне відавочная».
Спасылаючыся на расейскую газэту «Правда» за 1926 год, Леанід Рашэтнікаў сказаў, што «беларуская мова была створаная пастановай пасяджэньня аргбюро ЦК ВКП(б)».
«Гэтая бомба, закладзеная тады, цяпер ірванула. Атрымліваецца, што мы прычыніліся да стварэньня беларускай мовы. І беларускай мове цяпер толькі 90 гадоў».
Някляеў: беларуская мова існавала з часоў «Слова пра паход Ігара»
Пісьменьнік і палітык Уладзімер Някляеў лічыць, што Леанід Рашэтнікаў сваімі словамі прадэманстраваў неадукаванасьць, бо беларускую мову выкарыстоўваў ананімны аўтар «Слова пра паход Ігара» і Францішак Скарына, якія выдаў Біблію з прадмовамі па-беларуску:
«Апроч усяго іншага, праблема нашага часу палягае ў тым, што на самыя высокія ўзроўні кіраўніцтва трапляюць невукі. Леанід Рашэтнікаў, які ачольвае нібыта паважаную інстанцыю, — самы сапраўдны невук. Таму што як мінімум беларуская мова ўзьнікла ў кнігах Скарыны, а яшчэ раней яна ўзьнікла ў Тураве. Калі б Рашэтнікаў ня быў невукам і прачытаў «Слова пра паход Ігара», — паэму, напісаную ў Тураве ў канцы XII стагодзьдзя, што зьмяшчае 70% беларускіх лексэм, якіх сучасны расеец не зразумее».
Някляеў лічыць, што такія інфармацыйныя закіды з боку дырэктара Расейскага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў сьведчаць, што расейскі шавінізм у дачыненьні Беларусі становіцца навуковай і прафэсарскай пазыцыяй:
«Гэта шавіністычная пыха, вялікадзяржаўны расейскі шавінізм. Ён праяўляецца паступова: ад нікому невядомых журналістаў на «Регнуме» да ўплывовых дзяржаўных службоўцаў. Такім чынам з маргінальнай пазыцыі гэтая думка становіцца прафэсарскай і навуковай. Але гэта ўсё зьвёны аднаго і таго ж ланцуга, які называецца «імпэрскі расейскі шавінізм», які ня хоча прызнаваць, што ёсьць краіна Беларусь, беларускі народ і беларуская мова».