На партыйнам праймерыз БХД перамог Павел Севярынец
- 27.01.2020, 12:48
Таксама кандыдатуру прадстаўнiка БХД падтрымала партыя БНФ.
Нацыянальная рада партыі Беларускай хрысціянскай дэмакратыі абрала адзіным на праймерыз сустаршыню партыі Паўла Севярынца, паведамляе «Радыё Рацыя».
Рашэнне аб адзіным лідары ад апазіцыі праз праймерыз было падтрымана дэмакратычнымі сіламі Беларусі, кажа Павел Севярынец:
– Выбараў у Беларусі няма. Тое, што будзе адбывацца паміж партыйнымі арганізацыямі і вылучэнне адзінага сярод іх – гэта вылучэнне лідара. Можа быць лідара ўдзелу, можа быць лідара пратэсту. Можа быць, і гэта агаворана ў пагадненні, лідара байкоту.
Намеснік старшыні партыі БНФ Аляксей Янукевіч, таксама адобрыў кандыдатуру Паўла Севярынца на адзінага кандыдата ад апазіцыі:
– Я лічу, што ў сённяшніх умовах Павел Севярынец валодае найлепшым патэнцыялам каб людзей і кансалідаваць, і адмабілізаваць. Таму мы выступаем за тое, каб па магчымасці ўсё ж такі не расцягваць працэдуру да траўня.
Сустаршыня партыі БХД Вольга Кавалькова па папярэдняй дамоўленасці будзе вылучацца на праймерыз самастойна. Для гэтага ёй патрэбна сабраць 200 подпісаў. Яе вылучэнне ні ў якім разе не азначае раскол у партыі, гаворыць Вольга Кавалькова.