BE RU EN

Падпалкоўнік з Іўя: як былы міліцыянер стаў пратэстоўцам

  • 6.02.2021, 10:43

Гісторыя пра перамогу праўды і сумлення.

Былы падпалкоўнік міліцыі з Іўя Гродзенскай вобласці Пётр Будзько адседзеў 32 сутак за ўдзел у пратэстах. Адслужыўшы ў міліцыі больш за 20 гадоў, нават у страшным сне не мог прысніць, што давядзецца сутыкнуцца з такім бязмежжам з боку праваахоўных органаў, піша «Народная Воля».

«Заўсёды стаяў на варце Закона»

Пётр Браніслававіч Будзько вырас у шматдзетнай сям’і – дзевяць дзяцей. Безумоўна, жыццё не песціла, а ў сям’і з нараджэння выхоўвалася пачуццё справядлівасці, якое стала для будучага міліцыянера асноўнай жыццёвай меркай.

Службу ў міліцыі пачынаў з ДАІ, працаваў у розных раёнах вобласці, а скончыў у Карэлічах у якасці намесніка начальніка РАУС.

– Для мяне заўсёды перад законам усе былі роўныя – ці то трактарыст, ці высокі чыноўнік, – падкрэслівае Пётр Браніслававіч. – Неяк давялося нават спыніць аўтамабіль, у якім ехаў старшыня аблвыканкама Сямён Шапіра, бо перавысіў хуткасць.

Будзько выдатны спартсмен, выступаў на рознага ўзроўню спаборніцтвах па шматбор’і, гіравым спорце, настольным тэнісе.

Яшчэ задоўга да падзей жніўня 2020 года яго заўсёды абурала тое, што на любых выбарах ён павінен быў галасаваць датэрмінова, а потым яшчэ рапартам дакладваць, што ўсе яго падначаленыя зрабілі тое самае.

Пераканаўся ў незаконнасці дзеянняў калег

Пётр Браніслававіч прызнаецца, што падчас службы быў інфармацыйна абмежаваны.

– Я шмат на што паглядзеў іншымі вачыма, калі, пакінуўшы службу ў 2017 годзе, пабываў у Расіі і ў Еўропе, – распавядае Будзько. – Параўнаў жыццё, працу людзей, супаставіў многія рэчы і на свет пачаў глядзець па-іншаму.

А гэтым летам ужо не мог абыякава назіраць, як супрацоўнікі міліцыі незаконна затрымліваюць грамадзян, як парушаюць іх канстытуцыйныя правы.

– Калі затрымалі Ціханоўскага, я сваім былым супрацоўнікам казаў, што гэта зроблена незаконна, – згадвае Будзько. – Усе тыя падзеі зафіксаваны на відэа, і гэта немагчыма аспрэчыць.

9 жніўня спадар Пётр апынуўся ў Мінску, побач з адным з выбарчых участкаў чакаў вынікаў выбараў. Яго запрасілі туды былыя саслужыўцы.

Вынікі выбараў на ўчастку не паказалі. Нечакана ў двор школы прыехалі супрацоўнікі АМАПа на аўтобусах без рэгістрацыйных знакаў і пачалі сілай разганяць людзей.

– Пераканаўся тады, што мае калегі бессаромна парушаюць Закон, – распавядае былы міліцыянер. – Людзі выказвалі свае законныя патрабаванні, а іх за гэта білі, цягнулі ў аўтазакі…

Пасля падзей у Мінску зразумеў, што ў краіне не стала Закона. Апанавала крыўда за дзяржаву. Пачаў выходзіць разам з гараджанамі на плошчу ў Іўі, патрабаваў ад улад і дэпутата аднаўлення законнасці, спынення гвалту, прыцягнення вінаватых да адказнасці. Тады ў невялікім гарадку было сабрана 645 подпісаў за адкліканне дэпутата.

Яшчэ спадзеючыся на аднаўленне справядлівасці ўладамі, пісаў скаргі ва ўсе інстанцыі, непасрэдна да Ярмошынай, прыводзіў факты фальсіфікацый. А ў выніку атрымаў толькі адпіскі.

Напачатку папярэджвалі…

Яго актыўную грамадзянскую пазіцыю заўважылі і былыя калегі. Напачатку некалькі разоў папярэджвалі, каб перастаў удзельнічаць у акцыях. Але Будзько зноў адсылаў іх да літары Закона, паказваў, што дзейнічаюць яны, парушаючы ўсе правілы і нормы. А высокаму начальству заяўляў, што не можа знаходзіцца ў баку ад таго, што адбываецца, паколькі ўсю сваю службу стаяў на варце гонару і годнасці грамадзян Беларусі.

– Я адкрыта сказаў аднаму палкоўніку, што, калі чалавек насільна ўтрымлівае ўладу, стаяць убаку – значыць здраджваць свайму народу, – распавядае Будзько. – А той палкоўнік стаяў, галаву апусціўшы.

Разам з іншымі спадар Пётр арганізаваў аўтапрабег на грузавых аўтамабілях па Іўе і Лідзе. Расфарбавалі машыны ў бел-чырвона-белыя колеры і праехалі па гарадах, выказваючы сваю нязгоду з дзеяннямі улад. Гэта вельмі моцна абурыла былых калег.

Пазней ён падрыхтаваў футбольную каманду “Перамога 2020” на традыцыйнае першынство раёна – закупіў бел-чырвона-белую форму. Даведаўшыся пра гэта, улады ў дзень адкрыцця спаборніцтваў адмянілі іх, спаслаўшыся на каранавірус.

Будзько дакладна ведае, што супраць яго спрабавалі сфабрыкаваць крымінальную справу. Кажа: засталіся яшчэ ў міліцыі сумленныя людзі, якія не пагадзіліся даваць на яго ілжывыя сведчанні.

«Мяне судзілі без мяне»

На былога міліцыянера пачалі складаць пратаколы паводле артыкула 23.34. Дзякуючы яго вопыту і веданню заканадаўства, некаторыя з іх былі вернуты судом на дапрацоўку.

– А тут я прыязджаю з камандзіроўкі, а мне аб’яўляюць, што я ўжо асуджаны паводле артыкула 23.34 на 10 сутак, – распавядае мой суразмоўца. – Адвезлі адбываць пакаранне ў Карэлічы.

Дарэчы, Карэлічы – гэта было яго апошняе месца службы ў якасці намесніка начальніка РАУС па ідэалагічнай рабоце і кадравым забеспячэнні. І, мяркуе ён, былыя калегі, магчыма, адмыслова зрабілі такі “падарунак”.

Праз некалькі дзён адседкі ў ізалятары пачалі паступаць новыя пратаколы і новыя тэрміны… І так набралася 32 сутак.

Пётр Браніслававіч абыходзіць падрабязнасці пра ўмовы ўтрымання. Кажа толькі, што падчас кожнага суда ніякіх змякчальных абставін не ўлічвалі, нягледзячы на тое, што ў яго на ўтрыманні двое непаўналетніх дзяцей і жонка без працы.

последние новости