На Піншчыне ладзіцца Тыдзень папулярызацыі творчасці Яўгеніі Янішчыц
- 20.11.2022, 18:04
Выбітная паэтэса нарадзілася 20 лістапада 1948 года.
Выбітная паэтэса, якую крытыкі называюць яскравай з’явай беларускай літаратуры другой паловы ХХ стагоддзя, нарадзілася 20 лістапада 1948 года ў вёсцы Рудка Пінскага раёна. У суседняй вёсцы Парэчча літаратарка скончыла школу, на базе якой вось ужо звыш дваццаці гадоў працуе мемарыяльны музей у гонар знакамітай зямлячкі, паведамляе «Радыё Рацыя».
Заснавальніца ўстановы Антаніна Сідарук гаворыць, што кожны ў творчасці Янішчыц знойдзе сваё і па-свойму асэнсуе яе спадчыну:
– Кожны раз, калі чытаеш яе творы, перачытваеш, і не адзін раз перачытваеш, і нешта знаходзіш для сябе. Калі паглядзець, як развіваўся яе творчы дар, пачынаючы са школьных вершаў і так ісці далей, то мы бачым, што гэта – глыба. Гэта чалавек, які пісаў творы на ўсе праявы жыцця.
Жыццё Яўгеніі Янішчыц трагічна завяршылася 25 лістапада 1988 года ў Менску. Акрамя поспеху на літаратурнай ніве, Янішчыц брала актыўны ўдзел у грамадскім жыцці, між іншага, ёй давялося прадстаўляць Беларусь на Генеральнай Асамблеі ААН.