BE RU EN

Вячаслаў Сіўчык: Дзялілі паміж Варшавай і Масквой, а беларусы былі супраць

  • 27.11.2024, 13:40

Як пачынаўся Слуцкі збройны чын.

14—15 лістапада ў Слуцку адбыўся Першы беларускі з´езд Случчыны. З’езд прыняў рэзалюцыю аб барацьбе за незалежную Беларускую Народную Рэспубліку. А ўжо 26-27 лістапада адбыліся першыя сутычкі перадавых чырвоных войскаў з паасобнымі атрадамі Слуцкай брыгады. Так пачынаўся Слуцкі збройны чын. Пра гераічную старонку беларускай гісторыі – Слуцкае паўстанне – карэспандэнтка «Беларускага Радыё Рацыя» Аліна Андрыевіч паразмаўляла з лідарам руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам:

— Спадар Вячаслаў, што стала прычынай Слуцкага паўстання?

— Прычынай Слуцкага паўстання была тое, што Беларусь у той момант дзялілі паміж Варшавай і Масквой, а беларусы былі катэгарычна супраць гэтага. І не выпадкова, што менавіта слуцкія сяляне паднялі паўстанне супраць бальшавікоў, каб была Беларуская Народная Рэспубліка. Бо практычна ўсе народы нашага рэгіёна атрымалі незалежнасць згодна са схемай, якую лабіравалі Злучаныя Штаты Амерыкі з 1913 года. Прынцып права народаў на ўласную дзяржаву тады паслядоўна ажыццяўляўся амаль ва ўсіх нашых суседзяў, і далей на абломках чатырох імперый: Аўстра-Венгерскай, Расейскай, Турэцкай і Нямецкай.

Але для Беларусі сітуацыя была жахлівая. Найбольш ударыла па нас не толькі тое, што Першая імперыялістычная вайна парэзала Беларусь, прыкладна па тых межах, як пасля ганебнага Рыжскага міру Варшава і Масква дамовіліся.

Акрамя гэтага, беларусы падчас вайны служылі дзе заўгодна, але толькі не ў Беларусі. Па Беларусі тапталіся мільёны чужых салдатаў. Беларусаў тады было больш, чым цяпер. Але ж натуральна трэба было сваё войска. Спробы стварыць беларускае войска рабіліся не аднойчы. У тым ліку практычнае беларускае войска загінула ў Бесарабіі, у лагерох, бо бальшавікі гэтым не займалася.

Адначасна Рада Беларускай Народнай Рэспублікі рабіла ўсё магчымае, каб беларускае войска ўсё ж такі паўстала. І не выпадкова Слуцкі збройны чын, там былі афіцэры, якіх збірала вайсковая камісія БНР, але асноўнае ўсё ж такі — слуцкая зямля. Дзе выпадковага ў жыцці не бывае.

Случчына — гэта жытніца Беларусі. Там людзі за кошт таго, што гэта вельмі добрыя землі, звыкліся да свабод. Гэта быў шчыт Беларусі ад паўднёвых качэўнікаў, бо стагоддзямі з Крыма ішлі да нас орды для таго, каб забраць маёмасць, рабоў. Абараняла Случчына Беларусь, людзі жылі досыць заможна, там была вельмі вялікая сетка культурніцкіх арганізацый. Вельмі высокая самасвядомасць.

Мне пашанцавала працаваць пасля Чарнобыля. І так выйшла, што слуцкі раён мы даследвалі, калі выйшла пастанова Кебіча аб пашпартызацыі кожнага падвор’я. І выйшла, што кожны другое падвор’е Слуцкага раёна я сам даследваў. Тады беларуская мова гучала практычна ў кожнай вёсцы. І тым больш у часы Слуцкага збройнага чыну мовы, акрамя беларускай, сяляне не мелі. Самаарганізаваліся яны добра.

Цалкам размову можна паслухаць тут

Вячаслаў Сіўчык запрашае беларусаў Варшавы ўшанаваць памяць паўстанцаў сёння, 27 лістапада, ля помніка Тадэвуша Касцюшкі на плошчы Жалезнай Брамы ў 18.30.

последние новости