BE RU EN

У Вільні абмеркавалі міжнародную адказнасьць беларускага рэжыму

  • 14.09.2024, 11:07

У цэнтры ўвагі былі юрыдычныя і палітычныя мэханізмы, якімі можна карыстацца супраць Лукашэнкі.

13 верасьня ў Вільні прайшла міжнародная канфэрэнцыя «Адказнасьць за злачынствы і парушэньне правоў чалавека ў Беларусі».

Яна была арганізаваная Цэнтрам права і дэмакратыі Justice Hub сумесна з офісам дэпутата Эўрапарлямэнту Дайнюса Жалімаса ў рамках праекту «Ўмацаваньне шляху да правасудзьдзя для ахвяраў злачынстваў рэжыму».

Літоўскія і беларускія палітыкі, урадоўцы, праваабаронцы, адмыслоўцы ў галіне права і грамадзкія актывісты абмеркавалі прыцягненьне да адказнасьці Аляксандра Лукашэнкі і прадстаўнікоў ягонага рэжыму. У цэнтры ўвагі былі юрыдычныя і палітычныя мэханізмы, якімі можна карыстацца: завядзеньне справаў паводле «ўнівэрсальнай юрысдыкцыі», выкарыстаньне міжнароднага трыбуналу і больш моцныя міжнародныя санкцыі, перадае «Радыё Свабода».

Беларускае правасудзьдзе — карыкатура на закон

Паводле Сьвятланы Ціханоўскай, якая выступіла на пачатку канфэрэнцыі, ужо сабраныя тысячы доказаў злачынстваў беларускага рэжыму. Гаворка пра рэпрэсіі супраць палітычных апанэнтаў, катаваньні, завочныя суды і такія значныя міжнародныя злачынствы, як захоп у небе Беларусі самалёта Ryanair ды ўдзел беларускіх уладаў у выкраданьні Расеяй украінскіх дзяцей.

Лідэрка дэмакратычнай апазыцыі Беларусі лічыць прыярытэтнай задачай змаганьне за вызваленьне ўсіх палітвязьняў, дзеля чаго заклікае павялічыць пэрсанальныя санкцыі супраць чыноўнікаў і сілавікоў, а таксама часьцей ужываць прынцып унівэрсальнай юрысдыкцыі, які дазваляе заводзіць супраць меркаваных злачынцаў крымінальныя справы па-за межамі Беларусі.

Чаму беларусам няма як дамагчыся справядлівасьці на радзіме?

Прадстаўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Павал Сапелка паведаміў, што неўзабаве пасьля выбараў 2020 году грамадзяне Беларусі падалі 5 тысяч заяваў аб зьбіцьці і катаваньнях у міліцэйскіх пастарунках, але ніводная з гэтых заяваў не была разгледжаная, нікога не прыцягнулі да адказнасьці, наадварот, пачалі затрымліваць і караць тых, хто скардзіўся.

Сьвятлана Ціханоўская нагадала шэраг справаў рэпрэсаваных беларусаў, у тым ліку згадала Антона Баброва з Воршы, які за пост з карыкатурай на Лукашэнку адседзеў 2 гады ў вязьніцы.

«Гэтая справа — сама па сабе карыкатура на беларускае правасудзьдзе», — сказала пра судовую сыстэму Беларусі Сьвятлана Ціханоўская і нагадала, што ўжо 6 беларускіх палітвязьняў памерлі ў вязьніцах. Паводле Ціханоўскай, «гэтыя злачынствы не павінны застацца беспакаранымі», а беларусы чакаюць міжнароднай дапамогі ў справе пакараньня тых, хто ўчыніў злачынствы супраць беларускага народу.

Парушэньні масавыя і сыстэматычныя

Міністар юстыцыі Літоўскай рэспублікі Эвэліна Дабравольска, выступаючы на канфэрэнцыі, зазначыла, што «беларускі рэжым парушае правы чалавека сыстэматычна і масава». Паводле яе слоў, тут бачная і спроба сьцерці самабытнасьць нацыі, а ня толькі помста беларусам за мірныя пратэсты.

«Але перамены абавязкова наступяць, і міжнароднае правасудзьдзе ўжо пракладае дарогу да пераменаў у Беларусі», — перакананая Эвэліна Дабравольска. Міністарка нагадала, як 4 гады таму разам зь першымі ўцекачамі зь Беларусі літоўцы сталі ў ланцуг салідарнасьці ад Катэдральнай плошчы ў Вільні да літоўска-беларускай мяжы. «Нашы міжнародныя абавязаньні прымушаюць нас падтрымліваць ахвяр», — заявіла Дабравольска. Таксама кіраўніца Міністэрства юстыцыі Літвы адзначыла ў прамове Польшчу за тое, што там распачалі перасьлед вінаватых у захопе самалёта Ryanair.

«Наш калектыўны абавязак — не абмяжоўвацца простым асуджэньнем, а стварыць дакладныя і эфэктыўныя прававыя мэханізмы, якія забясьпечаць прыцягненьне да адказнасьці тых, хто парушае правы чалавека і міжнароднае права ў Беларусі, пры гэтым працягвае хавацца за мяжой, карыстаючыся адсутнасьцю палітычнай волі міжнароднай супольнасьці», — заявіла Эвэліна Дабравольска.

Што з адказнасьцю Лукашэнкі за захоп улады?

Дэпутат Эўрапарлямэнту Дайнюс Жалімас у сваім выступе на форуме не хаваў заклапочанасьці: з тысячаў справаў аб катаваньнях паводле прынцыпу «ўнівэрсальнай юрысдыкцыі» вядзецца толькі адно расьсьледаваньне, шмат іншых справаў спыніліся на стадыі праверак.

«Адтэрміноўка ў правасудзьдзі — гэта адмова ў правасудзьдзі», — працытаваў прафэсар Дайнюс Жалімас вядомага навукоўца ў галіне права. Паводле эўрадэпутата, трэба ставіць пытаньне аб прыцягненьні Аляксандра Лукашэнкі да адказнасьці за незаконны захоп улады, і тут таксама можна скарыстаць прынцып «унівэрсальнай юрысдыкцыі».

«Канечне, падзеі, якія адбываюцца ў Беларусі, за апошнія два гады адышлі ў цень на фоне вайны ва Ўкраіне. Але падзеі ў абедзьвюх краінах маюць аднолькавую базу — гэта суцэльнае парушэньне правоў чалавека. Калі не зьвяртаць увагі на тое, што адбываецца ў Беларусі, губляецца давер да міжнароднага правасудзьдзя. З кожным днём дыктатар і ягоныя прыслужнікі больш вераць у беспакаранасьць, а наша бязьдзеяньне іх толькі падштурхоўвае. Як дэмакратыя мы можам страціць здольнасьць абараняць нашы каштоўнасьці», — мяркуе адзін з арганізатараў канфэрэнцыі Дайнюс Жалімас.

Эўрадэпутат Жалімас паставіў пытаньне аб утварэньні «адмысловага суду альбо трыбуналу» для Лукашэнкі і аб тым, што санкцыі супраць рэжыму павінны быць больш эфэктыўнымі і мэтанакіраванымі.

Справа Максіма Харошына не завершаная, але «рухаецца наперад»

У 2020 годзе пракуратура Літвы прыняла да разгляду заяву ўцекача зь Беларусі Максіма Харошына, уладальніка кветкавай крамы, якога на радзіме зьбілі ў міліцыі пасьля затрыманьня за пратэсты. Магчыма, найбольш увагі ўдзельнікаў канфэрэнцыі прыцягнуў выступ Саўлюса Вярсецкаса, намесьніка генэральнага пракурора Літвы, ад якога чакалі расповеду менавіта пра гэтую справу. Намесьнік генпракурора расказаў, як пачынаўся разгляд справы Харошына і на якой стадыі цяпер расьсьледаваньне.

«Пракуратура Літвы цалкам па-за палітыкай, мы самастойна прымалі рашэньне аб пачатку расьсьледаваньня. Было зразумела, што прынцып «унівэрсальнай юрысдыкцыі» дае нам такое права. Але была дыскусія пра тое, а што далей, што ў нашых сілах, а што — не. Што мы зробім далей? Ці ня будзе ў пацярпелых расчараваньня, калі пройдзе час, а выніку ня будзе? Атрымаецца, што зайшлі ў тупік. Але не — мы не ў тупіку, мы ідзем наперад. У тым ліку ў зборы доказаў», — запэўніў Саўлюс Вярсецкас.

Паводле спадара Вярсецкаса, у пракуратуры Літвы цяпер на разглядзе «каля 60 заяваў уцекачоў зь Беларусі, у якіх падобная сытуацыя». «Яны пацярпелі ад дзеяньняў праваахоўнікаў, і гэта была дзяржаўная палітыка, гэта стымулявалася зьверху. У сваёй краіне людзі зьвярталіся па абарону ад гвалту і па пакараньне вінаватых, але безвынікова. То бок беларусы не змаглі абараніць свае правы дома, і таму ўступіла ў дзеяньне ўнівэрсальная юрысдыкцыя».

Намесьнік генпракурора Літвы паведаміў, што сьледчыя пракуратуры вызначылі імёны 10 чалавек у Беларусі, адказных за рэпрэсіі, але далейшыя юрыдычныя дзеяньні адносна іх спыніліся.

«Мы маем кантакты зь Міжнародным крымінальным судом (МКС), у тым ліку кантактуем, каб не нарабіць памылак. Пакуль мы ня маем яснасьці, ці возьмецца МКС за такія справы. Дзейнічаем асьцярожна, каб не нашкодзіць. Бо каб пачаць перасьлед пэўных людзей, патрэбныя пэўныя дакумэнты», — паведаміў спадар Вярсецкас. Пры гэтым намесьнік генпракурора Літвы сказаў, што пацярпелыя і сьведкі, якія маюць дачыненьне да заяваў, што правярае пракуратура Літвы, «працягваюць верыць у літоўскае правасудзьдзе», і гэтая вера надае літоўскім юрыстам сілаў і жаданьня давесьці справы да суду.

Латушка: Лукашэнка стаў адмыслоўцам у абыходзе санкцый

Кіраўнік Народнага антыкрызыснага ўпраўленьня, намесьнік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінэту Павал Латушка пачаў выступ на канфэрэнцыі з напаміну, што падрыхтавана шмат дакумэнтаў адносна санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі, але, на ягоную думку, праблема ў тым, як яны ўжываюцца. «За 30 гадоў кожныя 5 гадоў уводзілі санкцыі, але потым іх здымалі», — заўважыў Павал Латушка. Таксама, паводле Паўла Латушкі, рэжым Лукашэнкі навучыўся абыходзіць санкцыі, таму яны не дасягаюць сваіх мэтаў.

Павал Латушка пералічыў свае прапановы наконт узмацненьня санкцыяў, пры гэтым падкрэсьліў, што ўводзіць іх трэба ў адзін момант, каб ня даць часу на прыстасаваньне. У сьпісе Паўла Латушкі 7 пунктаў. Пры гэтым тых, хто будзе ўводзіць новыя санкцыі, Латушка заклікаў «не ізаляваць грамадзтва, ня ўводзіць санкцыі на тавары шырокага спажываньня, не абмяжоўваць мабільнасьць людзей», каб у выніку не ператварыць «Беларусь у Паўночную Карэю 2.0 у цэнтры Эўропы».

Сярод прапановаў Паўла Латушкі — новыя санкцыі супраць прадпрыемстваў, якія дапамагаюць рэжыму падтрымліваць вайну ва Ўкраіне.

«Пры экспарце з ЭЗ неабходна прымяняць мэханізм кантролю за выкананьнем санкцый, у першую чаргу для вытворцаў. Кропкавыя санкцыі, як правіла, неэфэктыўныя, таму прапануем засяродзіць намаганьні на пашырэньні сэктаральных санкцый», — патлумачыў Павал Латушка і прапанаваў «ужываць гандлёвыя квоты ў дачыненьні да трэціх краін у аб’ёмах гандлю, якія існавалі да ўвядзеньня санкцый».

Асобна ў сьпісе Паўла Латушкі стаяць захады дзеля больш жорсткага кантролю за фінансавым сэктарам. Ён прапануе «адсочваць плацяжы празь Беларусь і быць гатовымі прымяняць другасныя санкцыі да парушальнікаў». Таксама апазыцыйны палітык выказаўся за замарозку актываў рэжыму і ўключэньне большай колькасьці беларускіх банкаў у сьпіс SDN (гэта сьпіс заблякаваных асоб).

Пятым пунктам свайго сьпісу Латушка прапанаваў «спыненьне транзыту санкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расеі», што ён назваў найбольш эфэктыўным захадам узьдзеяньня на рэжым. Таксама палітык прапануе пашырыць пэрсанальныя санкцыі на дзеячоў беларускага рэжыму, адказных за рэпрэсіі.

Апошні пункт сьпісу — нацыянальныя санкцыі. Латушка заклікаў актыўней уводзіць такія санкцыі кіраўніцтва балтыйскіх краін, а таксама Польшчу, Чэхію, Украіну.

«Спыні рэпрэсіі, вызвалі палітвязьняў, спыні гібрыдную вайну з дапамогай мігрантаў і дапамогу агрэсару», — зьвярнуўся наўпрост да Лукашэнкі Павал Латушка.

«Нам важны досьвед беларусаў»

Шмат з чым з прапанаванага Паўлам Латушкам пагадзіўся намесьнік міністра замежных спраў Літвы Сімонас Шатунас. Высокапастаўлены літоўскі чыноўнік прызнаў, што санкцыі патрабуюць ад Эўразьвязу шмат рэсурсаў, але запэўніў, што Літва ад іх не адступіцца.

«Літва будзе далей настойваць, каб адносна асобаў, адказных за рэпрэсіі, санкцыі працягваліся, але трэба, каб яны распаўсюджваліся на ўвесь Эўразьвяз», — заявіў Сімонас Шатунас. Паводле палітыка, санкцыі працуюць, «інакш рэжым бы так ня ёрзаў».

«Трэба працаваць далей бяз паўзаў. Цяпер Эўразьвяз фармуе новыя інстытуты, і вельмі важна, каб рэжым санкцый не спыняўся і каб гучаў ваш голас, каб быў улічаны ваш досьвед», — зьвярнуўся Сімонас Шатунас да прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі, якія бралі ўдзел у канфэрэнцыі.

последние новости