Беларусь можа прадаць комплексы С-300 Сірыі
- 24.04.2013, 8:31
Чатыры комплексы С-300, якія будуць пастаўленыя ў Беларусь Расеяй, могуць быць перапрададзеныя краінам ізгоям.
Такім чынам генерал Валерый Фралоў пракаментаваў сайту charter97.org пастаўку супрацьпаветраных комплексаў С-300 і размяшчэнне расейскай авіябазы ў Беларусі.
«Любыя вайсковыя сілы, якія размяшчаюць на тэрыторыі Беларусі, узмацняюць патэнцыял беларускага войска. Але так можна казаць толькі з ваеннага пункту гледжання. Не варта забываць, што Беларусь да гэтага часу ўваходзіць у АДКБ, а з Расеяй у нас «саюзная дзяржава», - адзначыў генерал.
Ён таксама падкрэсліў, што калі глядзець на сітуацыю з пункту гледжання палітыкі, то Расея імкнецца ўзмацніць свой уплыў і экспансію ў Беларусі.
«Безумоўна, Крэмль дзейнічае ў сваіх інтарэсах. ЗША, напрыклад, выкарыстоўвае тэрыторыю Польшчы, Балгарыі і Чэхіі для размяшчэння сваіх ракет. Расея паступае аналагічна, толькі выкарыстоўвае для гэтага Беларусь, і робіць гэта ў процівагу Вашынгтону. Таму было вырашана паставіць чатыры дадатковых супрацьпаветраных комплексы С-300.
Што тычыцца магчымасці пастаўкі гэтых СПА ў Сірыю, то за гэтым сочаць адпаведныя структуры ў адпаведнасці з міжнароднымі дамовамі. Але ў нас ёсць «разумныя» канторы, якія могуць абыйсці гэтую сістэму. Вядома, дадзены варыянт малаверагодны, але мае права на існаванне», - падсумаваў Валерый Фралоў.
Учора міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу на сустрэчы з беларускім кіраўніком заявіў, што першае звяно расейскіх знішчальнікаў прыбудзе ў нашу краіну ўжо ў гэтым годзе. У Беларусі ўжо размешчаныя чатыры дывізіёна зенітна-ракетных сістэм С-300, а таксама дзейнічае радыёлакацыйная станцыя (РЛС) «Волга» пад Баранавічамі.
Нагадаем, Расея пастаўляла зенітна-ракетныя комплексы С-300 рэжыму Башара Асада. Гэтыя пастаўкі былі спыненыя толькі ў сярэдзіне мінулага года. Па здагадцы СМІ, Расея магла адмовіцца ад прамога продажу комплексаў сірыйскаму дыктатару для таго, каб не ўскладняць адносіны з заходнімі партнёрамі. Аднак міжнародныя арганізацыі і эксперты неаднаразова заяўлялі аб тым, што расейская зброя краінам-ізгоям можа пастаўляцца праз Беларусь.