БЧ адпраўляе працаўнікоў у прымусовыя адпачынкі?
- 10.03.2015, 17:02
Супрацоўнікі БЧ скардзяцца на праблемы на прадпрыемстве.
Чытач charter97.org Алег з Менска распавёў пра тое, што сітуацыя на Беларускай чыгунцы пагаршаецца.
«На БЧ усе пішуць заявы аб адпачынку за свой кошт ад 2 да 6 дзён. Гэта залежыць ад аддзялення. Машыністы ў месяц выпрацоўваюць па 100-130 гадзін, і гэта ў найлепшым выпадку. Цягнікоў вельмі мала. Увогуле, як гаворыцца, абы не было вайны», - напісаў ён.
Прэс-сакратар Беларускай чыгункі Андрэй Баравы запэўніў charter97.org што ўсё гэта не адпавядае рэчаіснасці.
«Адразу скажу, што гэта няпраўда. Усе заявы пра адпачынак людзі пішуць з пагаднення бакоў, ніякіх прымусовых загадаў не прымалася. Сістэма функцыянуе як і раней», - сказаў ён.
Нагадаем, раней паведамлялася аб праблемах на розных падраздзяленнях Беларускай чыгункі. Так, у Баранавіцкім лакаматыўным дэпо супрацоўнікаў адпраўляюць у адпачынак за свой кошт, касіры «Баранавіч Цэнтральных» паведамляюць, што прадпрыемства ўзяло крэдыт, каб выплаціць ім заробкі і дапамогі, а ў гомельскім вагонным дэпо панізілі заробкі. Таксама праблемы і ў дарожнікаў Светлагорска.