У Мінпрацы распавялі, як будуць выяўляць «дармаедаў»
- 6.04.2015, 16:53
Для пошуку «дармаедаў» у Беларусі створаць спіс усіх падаткаплацельшчыкаў.
Пра гэта заявіў намеснік міністра працы і сацыяльнай абароны Валерый Кавалькоў, адказваючы на пытанне падчас прэс-канферэнцыі на сайце БелТА аб тым, як будзе праводзіцца ўзаемадзеянне дзяржорганаў і арганізацый для выяўлення плацельшчыкаў збору з беспрацоўных.
«Будзе фармавацца спіс плацельшчыкаў збору на фінансаванне дзяржаўных выдаткаў. Для гэтага Міністэрства падаткаў і збораў сумесна з дзяржаўнымі органамі, падпарадкаванымі прэзідэнту, рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі штогод будзе фармаваць інфармацыйную базу плацельшчыкаў збору. База звестак у рэгіянальным разрэзе будзе накіроўвацца ў падатковыя органы для прыняцця мер. Гэта, у сваю чаргу, забяспечыць планамерную працу падатковых органаў у кантролі за паступленнем даходаў у мясцовыя бюджэты базавага ўзроўню і бюджэт Менска», - заявіў ён.
Нагадаем, 2 красавіка Лукашэнка падпісаў дэкрэт аб «дармаедах». Беспрацоўныя цяпер будуць выплачваць збор у памеры 20 базавых адзінак, за нявыплату збору прадугледжаны штраф ад двух да чатырох базавых адзінак або адміністрацыйны арышт.